Я нарадзілася на Ўкраіне, у горадзе на Дняпры. Я хадзіла ва ўкраінскую
школу, мая маці сьпявала ўкраінскія песьні.
І пад час вайны, калі бацька ў першыя дні пайшоў на фронт, мы з маці
павінны былі праз некаторы час ад’ехаць з роднага гораду і апынуліся на
Каўказе, непадалёк ад Пяцігорска, а потым перасеклі Касьпі, потым – Каракум
і Кызыл-Кум і апынуліся аж у Ташкенце, у дзіцячым доме, дзе мы хутка вывучылі
тую мову, і маглі ўжо зь мясцовымі дзецьмі размаляць на іх мове.
Калі мы вярнуліся ў наш родны горад, мы знайшлі пісьмо ад бацькі, які
ўсю вайну праваяваў на беларускай зямлі – ён ваяваў у партызанскім атрадзе
на Берасьцейшчыне, – і ён запрасіў нас прыехаць у Менск, дзе ён на той
час працаваў ужо.
Гэта было 8 сакавіка 1945 года, вайна яшчэ ня скончылася, і мы з маці
і старэйшай сястрой, калі выйшлі з цягніка, убачылі зусім зруйнаваны горад
– нават вуліцы не былі яшчэ расчышчаныя. Маці пакінула нас каля невялічкага
драўлянага доміка, адкуль неслася музыка. Маці шукала вуліцу Абутковую,
пыталася, як туды прайсьці, бо транспарту ніякага не было ў горадзе. І
так здарылася, што калі музыка спынілася, я ўпершыню пачула беларускую
мову. Яна здалася мне такой мэлядычнай, такой лірычнай і такой мяккай,
што я нават падумала, што ўкраінская мова нейкая грубейшая, а гэтая – вельмі
мяккая, добрая мова; дык і народ, які гаворыць на гэтай мове, павінен таксама
быць добрым, павінны быць добрыя людзі…
І вось праз 50 гадоў я не зьмяніла свайго ўражаньня. Зараз, калі ў мяне
ёсьць магчымасьць гаварыць з маімі сябрамі ці з маімі суседзямі на беларускай
мове, я адчуваю нейкую асалоду.
Так здарылася, што калі я ўжо была на пэнсіі, я выкладала французкую
мову ва ўнівэрсытэце. Аднойчы да мяне патэлефанаваў дырэктар Гуманітарнага
ліцэя і спытаўся, ці не магла б я выкладаць французкую мову ў ліцэі па-беларуску.
Я была самаўпэўненая і згадзілася. Але гэта была мая памылка.
Я ня ведала беларускую мову так добра, каб на ёй выкладаць французкую.
Калі я пачала, дык дзеці мне казалі: “Валянціна Міхайлаўна, вы робіце шмат
памылак”. Я казала ў адказ: “Вы таксама ў французкай мове робіце шмат памылак”.
Так мы і вучылі адно аднаго.
Я з усьмешкай успамінаю той добры час, калі нам выпала так добра папрацаваць.
Валянціна Саўчук