Шмат сустрэлася на маім жыцьцёвым шляху добрых людзей, якія паўплывалі
на маё жыцьцё. У добры бок павялі.
Напрыклад, дзякуючы Мар’яну Пецюкевічу, майму дзядзьку, я стаў прафэсійным
паэтам.
Пачалося з таго, што я катаўся зь ледзяной горкі, маці была бедная,
не магла купіць мне ані санак, ані канькоў ды лыжаў. Я катаюся на лёдзе
на старой гнілой калодзе. Так вось сьпяваў як бы сваю рыфмаваначку.
Ад гэтага і пачалося. Адчуваў я слова беларускае. Калі дзядзька Мар’ян
прыязджаў да нас у госьці, я паказаў яму свае вершаваныя радкі. Ён адразу
адчуў, што ў мяне ёсьць божая іскра. І сказаў мне гэтую іскру не закапваць
у зямлю.
Трэба сказаць, што дзядзька Мар’ян мой вядомы ў вучоным сьвеце як этнограф.
Ну, ён яшчэ беларускі дзеяч даваеннага часу – дырэктар Віленскага музэю
беларускага. Дырэктар бібліятэкі. Адказны рэдактар “Шляху моладзі”. Знаўца
нашай беларускай культуры, змагар за нашае нацыянальнае, за нашае адраджэньне.
Сам ён пісаў і вершы, і артыкулы, абразкі. Дзядзька мне казаў, што трэба
сустракацца зь людзьмі, запісваць іх прымаўкі, прыказкі, паданьні. Я перайшоў
у Беларускі дзяржаўны музэй народнай архітэктуры і побыту. Езьдзячы, зьбіраючы
скарбы народныя, ручнікі ды іншае, я запісваў фальклёт. Запісаўшы 150 песень,
я здаў іх у фонд нашага музэю.
Успамінаю яшчэ, як я паехаў да дзядзькі Мар’яна ў Торунь пагасьціць.
Ён мяне завёз на ўзьбярэжжа Балтыйскага мора, і там мы пісалі палачка па
пяску “Жыве Беларусь!”. Прыбой гэта змые, а мы зноў пішам. І так некалькі
разоў. Дзядзька гаворыць, што мы павінныя зрабіць так, каб у памяці засталося
“Жыве Беларусь!”
Уладзімер Пецюкевіч, Менск