Пасьля заканчэньня вайны група – пяць хлапцоў і дзьве дзяўчыны – ішлі на
захад з Судэтаў. У вадным гарадку нас затрымалі бальшавікі і пазналі, што
мы ня немцы, хаця мы гаварылі па-нямецку. Адзін з нашых кажа:
– Таварышы, мы ня рускія, а беларусы.
Бальшавікі забралі нас – асобна хлопцаў, і нават мяне ад маёй сяброўкі
аддзялілі.
Мне папаў дзіўны афіцэр, ругаўся страшна, называў “изменницей родины”,
а я яму адказвала:
– Сваёй Бацькаўшчыны я ніколі не зьмяніла, а бальшавікоў ненавідзела
і ненавіджу.
Тады ён мяне падставіў да сьценкі і выстраліў навокал маёй галавы сем
разоў. Пасьля палажыў пісталет і пытае:
– Куда, изменница родины, пойдёшь?
А я кажу:
– На Бацькаўшчыну.
Ён:
– Ты своей родины никогда не увидишь, а к белым медведям не поедешь,
а пойдёшь пешком. Сейчас мне нету время с тобой распоряжаться. Забирай
свои вещи, но ты всё равно из наших рук не уйдёшь, подберут тебя наши ребята.
Ступай отсюда, чтобы мои глаза тебя не видели.
Я выйшла з гэтай хаты, і адразу да мяне падыйшла старэйшая жанчына,
немка. Яна кажа: “Хадзі са мною”. Яна мяне адзела і ўладкавала на два тыдні
мыць пасуду ў нейкім рэстаране. Пасьля двух тыдняў яна мяне забрала і кажа:
– Я пастараюся табе памагчы. Будзеш граць маю дачку, але мусіш быць
глухою і як бы дурнаватаю.
Гэтак, каб мяне не пазналі ў цягніку ня толькі бальшавікі, але й немцы.
Яна мне пазваляла мыць толькі рукі, а твар падмазвала сажаю, і я мела сьмешную
шырокую сукенку, туфлі як бы лапці – задзертыя наскі.
Каля граніцы савецка-амэрыканскай мы ішлі пяшком каля дзесяці кілямэтраў,
бо я ня мела ніякіх дакумэнтаў. У нейкім гарадку працякала рэчка, якая
дзяліла горад і зоны – савецкую і амэрыканскую. І немка заплаціла немцу
грошы, каторы нас лодкаю перавез на амэрыканскую зону.
Юзэфа Найдзюк