Аднойчы па дарозе ў Вільню ў Астраўцы ў наш аўтобус зайшоў чалавек, які
адразу прыцягнуў маю ўвагу. Ён нетаропка агледзеў месца, дзе можна сесьці,
і сеў. Старая апратка, валізка можа саракагадовага ўзросту, напрацаваныя
рукі, маладыя чорныя вочы на маршчатым, дрэнна паголеным твары.
Па ўсім было відаць, што яму карціць пагаварыць пра тое-сёе. Я ня стала
доўга чакаць і падсела да яго. Пэўна, што дзядзька зьдзівіўся, але было
відаць, што яму гэта прыемна. Пасьля казаў: “От жа пашанцавала – такую
добрую бабку Бог паслаў!”
Ня ведаю, каму толькі болей пашанцавала – мне ці яму. Ён прадставіўся
як Юзік Бражка, было яму 85 гадоў. Але душа была маладая, жывая, мне было
цікава зь ім. Ён нават стараўся так пажартаваць са мной, каб я адчувала,
што ён яшчэ малады.
За кароткі наш шлях ён распавёў мне пра сваё гаротнае жыцьцё, і што
жыве ён у нейкай вёсачцы пад Астраўцом, што едзе ў Вільню да дзяцей і вязе
ім сялянскія пачастункі. Гэты чалавек вельмі прыгожа гаварыў. Напрыклад,
амаль пасьля кожнага слова ён устаўляў прымаўку: “Дзе я толькі ня быў –
і на кані, і пад канём…”
Зайшла ў нас гаворка пра Вішнева. Я ўзгадала ксяндза Чарняўскага, і
дзядзка ажывіўся, кажа: “Ведаю яго, чаму ж не. У 60-я гады трапіў я неяк
у Вішнева, запёрла мяне туды – баба нат ня знала”. І распавёў ён мне пра
тое, як апынуўся ў Вішневе і каля хаты ксяндза ўбачыў так званых “людзей
у цывільным”. Яны выводзяць таго ксяндза, сабраліся людзі, стаяць моўчкі…
А ён, гэты чалавек, быў героем Вялікай Айчыннай вайны, меў шмат узнагародаў
і быў такі бойкі. І ён падышоў да гэтых “людзей у цывільным” каб запытацца,
што тут адбываецца. Яму сказалі, што ксяндза трэба забраць у Менск на нейкае
дазнаньне. І забралі. Але перад тым, як забралі гэтага чалавека, усё ж
дзядзька адбіў яго на ноч у родную хату.
Гэты чалавек пераначаваў перад тым, як зьнікнуць назаўсёды, у сваім
доме. А пасьля ніхто нічога пра яго больш ня чуў.
А мне ў Вільні было вельмі сумна разьвітацца з дзядзькам Юзікам, таму
што я ведала, што ніколі больш яго не сустрэну.
Ларыса Мятлеўская, Менск