Пяць год таму лёс закінуў мяне ў Амэрыку. Першы час вельмі было цяжка ў
чужой краіне сярод незнаёмых людзей.
І вось аднойчы адна жанчына дала мне пачытаць газэту “Беларус”. Божа!
Як прыемна было чытаць навіны на сваёй мове! З таго нумару я даведалася
адрас рэдакцыі, патэлефанавала туды, і так наладзілася мая сувязь з беларусамі
Амэрыкі.
І вось аднойчы мяне запрашаюць на бліны ў царкву Жыровіцкай Божай Маці.
Трэба сказаць, што ў Беларусі я ў царкву амаль не хадзіла, бо працавала
настаўніцай, і наведваньне царквы было забароненае. Служба прайшла вельмі
ўрачыста, і пасьля ўсе пайшлі ў залю на абед. Пад час абеду падавалі нацыянальныя
беларускія стравы. Хаця ў Амэрыцы зьдзівіць практычна немагчыма, абед быў
самы смачны за ўвесь час, што я ела на той час у Амэрыцы.
Але ня столькі Служба і абед мяне ўразілі, колькі мова – родная, беларуская.
За год, які я да таго часу правяла ў Амэрыцы, я ня чула ніводнага слова
па-беларуску, а тут гучала толькі свая мова. На нейкі час я забылася, што
знаходжуся ў іншай краіне, бо вакол мяне былі свае людзі – беларусы.
Пасьля сытнага абеду выступалі прамоўцы. Адзін расказаў пра сустрэчу
зь беларусамі ў Канадзе, другі – пра сваю паездку на Беларусь з гуманітарнай
дапамогай для дзяцей Чарнобылю. Тут ня вытрымала і я. Устала і падзяквала
гэтым людзям, што трымаюць беларускую культуру і, галоўнае, мову. Мову,
якую і на Беларусі пачуць было немагчыма, рэдка пачуеш. На знак падзякі
я пакланілася ім нізка, да зямлі. І калі я разгіналася, я ўбачыла сьлёзы
на вачах у многіх прысутных. Сьлёзы паліліся і ў мяне…(плача) Гэта былі
сьлёзы радасьці і сьлёзы суму па сваёй зямлі.
Прайшло ўжо пяць год ад таго часу, але гэты момант заўсёды кранае душу…
Пасьля маёй прамовы да мяне падыходзілі людзі старэйшага веку і дзяквалі
за добрыя словы. А некаторыя проста хацелі дакрануцца да мяне, нібыта я
і ёсьць тая самая родная краіна з прыгожай назвай Беларусь.
У чым яны вінаватыя, што былі змушаныя пакінуць родны кут, пражыць большую
частку свайго жыцьця ды й памерці на эміграцыі? Многія зь іх ад’ехалі зь
Беларусі ў той год, калі я толькі нарадзілася. Як сказала адна жанчына:
“Я ўжо больш за паўвеку жыву тут, але мая душа – усё роўна там, у Беларусі”.
І вось дзякуючы гэтым людзям і жыве Беларусь у Амэрыцы, не заціхае родная
беларуская мова.
З таго часу я жыву ў Амэрыцы сярод беларусаў, а з адным зь іх мяне зьвёў
лёс – я выйшла замуж. Так што і ў маёй хаце гучыць родная беларуская мова
і жыве Беларусь.
Ала Кузьміцкая