Аднойчы я ішла са школы і размаўляла з настаўніцай. Мы размаўлялі пра штодзённыя
праблемы і, пачуўшы нашую размову, адна незнаёмая жанчына спынілася і сказала:
“Не размаўляйце так – вас зьнішчаць”.
Мяне гэта вельмі зьдзівіла, бо з жанчынай мы былі зусім незнаёмыя і
я дрэннага нічога не зрабіла. Справа ў тым, што яна пачула, проста, звычайную
беларускую размову.
Чаму на сёньняшні дзень людзі, пачуўшы беларускую гутарку, ставяцца
насьцярожана адзін да аднаго. Дзякуючы беларускай мове я пазнаёмілася са
сваімі сябрамі – сьвядомымі беларусамі.
Аднойчы, на турыстычным зьлёце настаўнікаў, пачуўшы дыялёг паміж дзьвюма
настаўніцамі беларускай мовы: “Ларыса, не размаўляй так. Гавары нармальна”.
– Мой будучы сябра зацікавіўся мной. Пасьля гэтага мы знайшлі шмат сяброў.
Беларуская мова нас яднала. Мы ладзілі сумесныя вандроўкі, падарожжы, працавалі
ў летніку.
У кола нашых сяброў уваходзяць людзі розных прафэсыяў, розных заняткаў,
рознага ўзросту. У сябе на кватэры я стварыла культурна-асьветніцкі цэнтар,
які носіць імя Ўладзімера Сымонавіча Караткевіча. Гэтае імя мы выбралі
невыпадкова, таму што – гэта наш знакаміты пісьменьнік і мне вельмі хацелася
б, каб дух Караткевіча быў у нашым асьветніцкім цэнтры.
Разам са сваімі сябрамі мы ладзім маладзёвыя летнікі. У гэтым годзе
мы вывозілі два беларускамоўныя клясы ў летнюю вандроўку. Разам з удзельнікамі
і сябрамі асьветніцкага цэнтру мы сьвяткуем нашыя народныя сьвяты. Ладзілі
Купальле. Нядаўна сьвяткавалі Каляды. Наколькі сьвяціліся вочы людзей,
гаспадароў, якія шчыра нас віталі.
Кожную пятніцу ў маёй кватэры зьбіраецца шмат людзей. Мы чытаем вершы,
сьпяваем разам беларускія народныя песьні. У нашым цэнтры людзі могуць
набыць беларускія кніжкі і мы займаемся распаўсюджаньнем касэтаў. Касэтаў,
па якія людзі могуць прыйсьці і зрабіць бясплатны перазапіс.
Мне хацелася б сказаць аб тым, што ў наступным стагодзьдзі Беларусь
стане сапраўды Беларускай.
Ларыса Кудраўцава, Ворша