Я хачу расказаць адну гісторыю, якая адбылася са мной прыкладна трынаццаць-чатырнаццаць
гадоў назад, калі я працаваў у Алжыры перакладчыкам з геолягамі. Адначасова
я перакладаў для беларускіх выдавецтваў французкіх аўтараў, у тым ліку
творы Сартра і Наталі Сарот.
Перакладаючы Сартра і Наталі Сарот, я сустрэў такіх некалькі выпадкаў,
гаворка ішла пра рэаліі трыццатых гадоў. Безумоўна, ніякіх зьвестак нідзе
я знайсьці ня мог, і я вырашыў сустрэцца зь некаторымі французамі, бо яны,
як носьбіты мовы, можа быць, ведалі б гэтыя рэаліі. На жаль, ніхто зь іх
нічым мне дапамагчы ня змог. І вось раптам у адзін дзень мяне выклікаў
алжырскі дырэктар нашай кампаніі і сказаў, што з цэнтральнага аддзяленьня,
са сталіцы, прыйшоў выклік, каб мяне паслаць у Сахару. Чаму, навошта, –
ніхто гэтага сказаць ня мог, і абсалютна было дзіўна і невядома, навошта
гэта трэба рабіць.
Тым ня менш высокага начальства загады не абмяркоўваюцца, і я вымушаны
быў сесьці ў самалёт і паляцець у Сахару. Калі я туды прыляцеў, я патэлефанаваў
на мясцовую геалягічную базу. Там таксама мяне ніхто не чакаў. Словам,
адбылася нейкая абсалютна незразумелая памылка: я быў прыняты за польскага
перакладчыка.
Праз тры дні гэта высьветлілася, але калі гэта высьветлілася, і я мог
бы вяртацца назад, пачалася пясчаная бура. Усе вылеты былі зачыненыя, аэрапорт
не працаваў, і адзіная на той час геалягічная партыя, французская, якую
ўзначальваў француз, з Сахары, непасрэдна з поля, вярнулася на базу. Француза
падсялілі да мяне.
Гэта быў стары, вельмі стары геоляг, які нарадзіўся на пачатку стагодзьдзя,
і, як высьветлілася, ён вучыўся нават ў адным клясе з вядомым французкім
пісьменьнікам Райманам Кёно. Пасьля Сахары, дзе яму не было з кім гутарыць,
бо суправаджалі яго там арабы, ён накінуўся на мяне, і мы прагутарылі зь
ім недзе ледзь не да пятай гадзіны раніцы. І вось, паміж іншым, я спытаў
у яго і пра гэтыя рэаліі.
А гаворка ішла пра нейкі “жюмо”. Па-французску – гэта любая парная рэч,
гэта можа быць як і бінокль, і двайняты, і гэтак далей. Ён сказаў, што,
сапраўды, у трыццатыя гады гэта была вялікая навіна, што ў Канадзе нейкая
жанчына нарадзіла адразу ці пяцёх, ці шасцёх дзяцей, вось…
Ну і другая таксама рэалія: мне трапіўся ў Сартра такі ўрывак, дзе чалавек
стаяў на вуліцы і чакаў “абэ”. Што такое “абэ”, нідзе я знайсьці ня змог,
але падазраваў, што гэта аўтобус. І сапраўды гэта быў аўтобус, але ня нейкі
там пэўны аўтобус, а гэта маршрут быў. Аказваецца, да вайны ў Парыжы маршруты
пазначаліся не нумарамі, а літарамі, і калі весь алфавіт быў вычарпаны,
пачыналіся ўжо падвойныя пазанчэньні – абэ, ацэ, адэ і гэтак далей. Вось
такім чынам гэтая памылка дапамагла мне дакладна перакласьці тое, што ў
прынцыпе перакласьці немагчыма.
Зьміцер Колас