Я ня бачыла ніводнага свайго дзеда ў твар. І нават фотаздымку не было.
Ад аднаго зь іх да мяне прыйшло пісьмо праз многа-многа гадоў пасьля таго,
як дзеда не было ў жывых.
У бабулі ў прыскрынку стаяла лубяная каробачка, і яна захоўвала там
пісьмы, дакумэнты, крыжык на сьмерць. Я таксама аднаго разу ўлезла ў гэтую
каробку і знайшла ліст, складзены разоў у восем. Ён напісаны быў хімічным
алоўкам. Гэта ад майго дзеда Аляксея. Гэтае псьмо было ім прысланае недзе
з-пад Благавешчанску, з турмы. Справа ў тым, што ў 29-м годзе зь першай
хваляй калектывізацыі раскулачылі і майго дзеда. Баба Ганна – яна расла
круглай сіратою, выйшла замуж у 16 гадоў, вельмі любіла дзеда Аляксея,
ён яе любіў, але пажылі яны толькі шэсьць гадоў. У 21 год яна ўжо засталася
ўдавою.
Калі дзеда раскулачылі, яму далі 5 гадоў турмы і 10 высылкі. Ён сядзеў
у Добрушы. Аднаго разу дзед прыйшоў нанач дахаты. Начальнік Добрускай турмы
– гэта ў той час! – адпусьціў яго разьвітацца з сям’ёю, таму што іх павінны
былі адпраўляць будаваць Усходне-Кітайскую чыгунку. Дзед прыйшоў і сказаў:
“Ганна, калі ты атрымаеш пісьмо, дзе будзе напісана “Да пабачэньня, да
пабачэньня і яшчэ раз да пабачэньня”, ты ад мяне пісьмаў больш не чакай,
не магу я гэтага больш вынесьці, выцярпець, я буду ўцякаць праз Маньчжурыю”.
І вось аднойчы прыйцшло пісьмо, дзе было напісана тры разы: “Да пабачэньня,
да пабачэньня, да пабачэньня”. Тады баба заплакала і сказала: “Усё, дзеці,
не чакайце – бацькі вы больш ня ўбачыце…”
Але пасьля таго візыту-наведваньня нарадзілася мая мама, і так вось
начальніку Добрускай турмы я таксама ўскосна абавязаная сваім жыцьцём,
зьяўленьнем на сьвет. Пасьля гэтага пісьма бабулю выклікалі ў Хойніцкае
ГПУ, трымалі ў скляпеньні, дапытвалі, казалі, каб прынесла апошняе пісьмо
– мусіць чакалі, што дзед сюды ўцёк. Яна, вядома, не занесла апошняе пісьмо,
а я вось яго прачытала – яно захоўвалася ў нас дома.
Прайшлі гады, я вучылася ў менскім унівэрсытэце, і адзін раз мне дзед
прысьніўся. Быў моцны туман у сьне, ішоў перда мной стары, пажылы чалавек,
прыгожы, статны, і я ведала, што гэта мой дзед. Ён спыніў мяне позіркам
у тумане – на тым мы і разьвіталіся. Вось так я яго і бачыла. А пісьмо
і лубяная каробачка вось у мяне засталіся.
Ала Канапелька