Бацька мой у 50-х гадох, як, дарэчы, і дзесяткі іншых беларусаў, паехаў
разворваць цалінную зямлю. Неўзабаве асеў у башкірскім месьце Салітамак.
Там я і нарадзіўся. Але на шчасьце ў 1973 годзе бацьку пацягнула на радзіму,
і ён прывез сям’ю на Полаччыну. Вось так пачалася для мяне Беларусь.
Я, тады яшчэ 13-гадовы падлетак, кепска яшчэ цяміў што да чога, але
мяне ўражваў лад жыцьця, дакладней, нават, сьветапогляд гэтага народу.
Навокал было нейкае адчуваньне самавітасьці, гаспадарлівасьці. Напэўна,
тое ж самае адчувае чалавек, які пражыўшы ўсё жыцьцё ў шумным горадзе,
у чэргах, сварках, бензынавым чадзе, раптам трапіць у ціхую вёсачку на
ўскрайку цывілізацыі, дзе кожны вясковец, якога ты ніколі ў жыцьці ня бачыў,
прыязна з табой вітаецца, дзе нават ад цішыні зьвініць у вушах, дзе нават
сабакі брэшуць толькі па абавязку.
Для мяне гэта была невядомая краіна. Вельмі ўразілі полацкія бажніцы,
Сафійскі сабор (ён у той час стаяў у будаўнічых рыштаваньнях. Падземныя
лёхі), валуны з надпісамі і крыжамі па берагох Дзьвіны. Тут усё дыхала
старажытным, таямнічым. І потым, у сярэдзіне 80-х, як кропка, як апошні
крок – Курапаты, узьняты бел-чырвона-белы сьцяг. Далей было проста, далей
была справа сумленьня.
Вось ужо амаль два месяцы велізарны, памерам 2 на 6 мэтраў бел-чырвона-белы
сьцяг з выявай шасьціканцовага крыжа ўпрыгожвае прыстанцыйны будынак станцыі
Бараўх – месца нашай працы. І намалявалі мы яго з сябрамі з адзінай мэтай
– каб пасажыры цягнікоў бачылі: гэта нашая зямля, мы тут гаспадары, а не
купка недарэкаў, што ў 95-м дзёрла сьвятыню на шматкі.
Анатоль Каханчык