Мне найбольш запомніўся 63 год, калі я – студэнтка філфаку – прыехала ў
Віцебск да сваёй цёткі, бо зразумела, што на стыпендыю мне выжыць цяжка
і падумала, што нам будзе разам неяк лягчэй.
Але прыехала я ў вельмі неспрыяльны момант. Якраз у доміку, які яна
здымала тыды – ”времянкі” іх называлі ў Віцебску – ляжала ўжо сьмяротна
хворая мая бабуля, а цётка была вельмі занятая, і таксама прыхварэла. Яна
патраціла ўсе свае грошы на лекі, і, прыехаўшы зусім бяз грошай таксама,
я ніяк не магла дапамагчы ім. У хаце было так сьцюдзёна, што вокны былі
пакрытыя інеем – з боку ўнутранага. Бабуля ляжала, і яе жоўтая рука амаль
беспрытомна драпала гэты іней на шкле, нібы яна хацела прадрапаць дзірачку
і ўбачыць навакольны сьвет. Было цёмна.
Мне захацелася нешта зрабіць. Я сказала: “Што можна? Грошы дастаць нельга,
але, магчыма, можна дастаць дровы? ” Дроў таксама нельга дастаць. Але ёсьць
дрэвабудаўнічы камбінат – ён знаходзіцца за тры прыпынкі ад Маркаўшчыны
– гэта раён Віцебску. Цётка сказала: “Але там жа ж вартаўнік, ён нас ня
пусьціць… Праўда, там ёсьць дзюрка ў агароджы – вось туды можна пралезьці.”
Мы ўзялі вялікі мех і паехалі ў гэты дрэвабудаўнічы камбінат. Ішоў мокры
сьнег, вецер, і мабыць вартаўнік недзе схаваўся, нікога не было відаць.
І мы зьбіралі трэскі пад гэтым дажджом, сьнегам, але дзіўна: чым больш
напаўняўся мех – тым весялейшымі мы рабіліся. І калі мы гэты мех урэшце
набралі і ўдваіх яго панесьлі да прыпынку – мы ўжо адна адной расказвалі
нейкія вясёлыя гісторыі, і з маёй маладой цёткай проста сьмяяліся.
Мы ледзь увапхнулі гэты мех у трамвай, кантралёр хацеў узяць з нас штраф
за гэты мех – мы яго ўпрошвалі і гаварылі, што вязем ратаваць старую жанчыну.
Адным словам, калі мы ўрэшце запалілі печ, я памятаю гэты момант: калі
мы сядзелі, і па засьнежаным, заінелым шкле папаўзьлі першыя кроплі вільгаці.
І вось гэтае цяпельца, і гэтая вільгаць, і гэтае вакно, якое ачышчалася
ад наледзі, і бабуля расплюшчыла вочы… І момант, калі мы – тры жанчыны
– сядзелі каля гэтага цяпельца. Было так цёпла, так утульна…
І я адчувала такую роднаснасьць з гэтымі дзьвюма жанчынамі, а бабуля
– гэта быў той чалавек, які мяне вучыў і мове беларускай, і калісьці за
руку за пяць кілямэтраў вадзіла ў Паўлавічы ў царкву… Вось гэты момант
для мяне – у мінулым дзетдомаўскай дзяўчынкі – момант радні, цяпла, сьвятла,
і галоўнае – адчуваньня, што ўсё можна зрабіць урэшце і перамагчы абставіны
– застаўся адным з самых сьветлых момантаў майго жыцьця.
Вольга Іпатава, Менск