Найбольш значны факт, які паўплывае на ўсё жыцьцё, як мы кажам, яўрэйскае
вуліцы ў Беларусі, адбыўся ў Валожыне ў кастрычніку 1991 года.
У 1803 годзе ў Валожыне пачала сваю працу ешыва. Гэта навучальная ўстанова,
дзе яўрэі атрымоўваюць адукацыю. І гэтая ешыва стала маткаю для ўсіх ешываў
Эўропы. Чатыры чалавекі з дынастыі рабінаў, якія заснавалі гэтую ешыву,
пахаваныя на могілках у Валожыне.
І вось тады ў кастрычніку мы закладалі першы камень у плот вакол гэтых
могілак. Там была вельмі цікавая аўра. Ніхто не запрашаў на гэты мітынг
нікога спэцыяльна. Сто чалавек прыйшлі, таму што ў іх у сэрцы, у галаве
нейкі абавязак да тых, хто пайшоў ад нас.
Прыехаў кардынал Сьвёнтак зь Пінску, прыехалі дэпутаты Вярхоўнага Савету
Лявон Баршчэўскі, Пятро Садоўскі, Алег Трусаў. Баршчэўскі пачаў сваю размову
па-беларуску, а закончыў яе на ідыш. Ён па-беларуску казаў, што гэта немагчыма,
каб па гэтым сьвятым месцы хадзілі козы, бараны. А потым ён сказаў некалькі
сказаў на ідыш. Гэта было нешта такое, што нас яўрэяў узрушыла, бо гэта
найвялікшая павага, якую ты можаш выказаць свайму суразмоўцу, калі ты размаўляеш
на яго мове. Гэта так было ўспрынята.
І я ўпэўнены, што калі б тыя людзі, зь кім мы былі там у гэты дзень
у Валожыне, былі зараз ва ўладзе, дык жыхары гэтай дзяржавы ўжо мелі б
той матэрыяльны ўзровень, як мела Нямеччына недзе ў 60-х гадах.
Таму што ўсяму сьвету было б зразумела, што з гэтымі людзьмі можна мець
справу, і калі ў іх ёсьць цяжкасьці, трэба дапамагчы стаць на ногі.
Якаў Гутман