Дзесяць гадоў мы займаемся гуманітарнымі акцыямі, грамадзкімі акцыямі тут
у Менску, і такое здарылася ўпершыню. Да ўгодкаў прыняцьця Дэклярацыі правоў
чалавека мы заплянавалі правесьці пікет супраць сьмяротнага пакараньня
ў нашай краіне. Мя ня думалі, што сапраўды сьмерць можа так блізка хадзіць
да чалавека, нават ня маючы непасрэднага дачыненьня.
Адбылася такая цікавая гісторыя. Наш гарадзкі выканкам дазволіў правядзеньне
пікета, але з умовай зьмены адрасу па месцы жыхарства, і адбылася такая
прыкрая памылка, яна выклікала цэлую сямейную, чалавечую трагедыю. Памылка
была ў адрасе адсылкі адказу нам, і замест вуліцы Смалячкова, 21, адказ
на правядзеньне пікета адаслалі на вуліцу Слабадскую, 21. І гэты адказ
Менгарвыканкама трапіў у звычайную менскую абыватальскую сям’ю, якая жыве
ў Малінаўцы. Сям’я з трох чалавек.
Яны, ўбачыўшы і прачытаўшы тэкст нашай заяўкі, схапіліся за галаву,
цэлую ноч ня спалі – ня ведалі што думаць, а на раніцу выклікалі арганізатараў
пікету і пачалі амаль шантажаваць з тым, каб мы прыехалі, каб неяк заахвоцілі
іх у тым, каб яны захавалі гэтую заяўку. З-за нейкай памылкі сям’я была
ўстрывожаная і сапраўды падумала, што правядзеньне акцыі прымеркаванае
да абароны канкрэтнага чалавека, і што лёс яго – у іх руках. Але ў той
жа час яны маглі падумаць, што калі памылка здарылася з адрасам, дык памылка
можа быць і людзкая – могуць засудзіць не таго чалавека, не па тым адрасе.
Гэта ўсё канешне высьветлілася, і апошні званок, які зрабіла гаспадыня,
– ён такі пагрозьлівы і папераджальны, што мы ваш дакумэнт ужо выкінулі,
мы прыстойная сям’я.
Мы і раней праводзілі такія пікеты, але вось выпадак з гэтай сям’ёй
ёсьць паказчыкам адносінаў да інстытута сьмяротнага пакараньня ў нас і
адносінаў напэўна да сьмерці. Калі прыйшоў гэты дакумэнт, напэўна ж ніяк
не падумалі, што ў прынцыпе можна абараняць права чалавека на жыцьцё. І
канешне дзіўна, што гэтыя людзі яшчэ і дадумаліся выкарыстаць гэтую сытуацыю
ў сваіх мэтах.
Памылка гарвыканкаму такім чынам выкрыла нейкія агульначалавечыя праблемы
ў нашым грамадзтве і прымусіла нас быць асьцярожнымі.
Аляксей Галіч, Менск