У Амэрыку сабралася сям’я маёй сястры – яна, муж і яе дзеці. Гэта было
ў 1991 годзе. Тады яшчэ існаваў Савецкі Саюз, і каб ад’ехаць, трэба было
здаць сваю кватэру дзяржаве. Прадаваць сваю кватэру тады было нельга. Трэба
было прадаць рэчы, мэблю, здаць тэлефон, – што яны і зрабілі.
Летам 1991 года ў маёй сястры ўжо не было нічога – у кватэры літаральна
былі толькі засьцеленыя газэты. І вось на 21 жніўня было прызначанае разьвітаньне
ў рэстарацыі, павінны былі прыйсьці ўсе сваякі і сябры маёй сястры.
19 жніўня мы ня ведалі што рабіць, бо пачаўся путч. Кватэры няма, тэлефона
няма, рэчаў няма, маленькія дзеці. Сытуацыя ў краіне зьмянілася настолькі,
што ніхто ня ведаў, што будзе сёньня-заўтра, а трэба было ехаць у Маскву
і адтуль вылятаць. Ці змогуць яны гэта зрабіць, ці пусьцяць у Маскву, ці
не забароняць адлёт у Амэрыку? Пытаньняў было шмат, і вось у такім жахлівым
стане мы правялі тры дні.
На сустрэчу ў рэстаран усе сябры маёй сястры прыйшлі з прыймачамі. Яны
лавілі розныя станцыі, як савецкія, так і замежныя, і ўжо ўвечары ў рэстарацыі
стала вядома, што ГКЧП сваю гульню прайграла, і што ад’езд цалкам магчымы.
І калі мы слухалі станоўчыя паведамленьні радыё, мы падымалі свае келіхі
за кожную навіну, якую перадавалі радыёстанцыі.
Арына Фішман