Край мой – Заходняя Беларусь. Нарадзіўся я, і дзяцінства маё прайшло ў
прыгожым кутку Беларусі, які, часам, называюць адным словам – Браслаўшычына.
Нарадзіўся я ў вёсцы Гарбуны, магчыма таму я такі крышку сутулы, гарбаваты.
Жыла мая сям’я на хутары блізка ад вёскі, і, вядома, як у кожнай сям’і,
на Новы год ставілі елку. Ну і, як вядома, цацкі былі самаробныя: выразаныя
з паперы коні, зорачкі, лялькі, коцікі… Цукеркі, канешне, былі сапраўдныя,
сьвечкі рабіліся з воску, ну і, канешне, яблычкі. Электрычнасьці не было,
хаця ў гэтым, мабыць, была свая рамантыка, свая таямніца, калі прытушвалася
лямпа і запальваліся сьвечкі.
І так здарылася, што ў канцы 1939 года мая сям’я пераехала ў мястэчка,
у Шаркоўшчыну, і якраз надыйшоў Новы год. І вось суседзі запрасілі нашую
сям’ю сьвяткаваць у іх дома, ну і, вядома, на елку.
Павінен вам сказаць, гэта была за елка! З электрычным сьвятлом цацкі
розныя, гірлянды зьзялі неверагодна! Рознакаляровыя вялікія шарыкі – ружовыя,
зялёныя, сінія… Ну такая прыгажосьць, што я ня мог адарваць вачэй.
І вось гэтае маё захапленьне бачылі гаспадаровы дзеці. І вось ня ведаю,
каму першаму прыйшла думка – ім або мне – зьняць тайком некалькі шарыкаў
і занесьці да маёй хаты, каб і ў мяне былі такія ж упрыгожаньні, як і ў
іх.
Ну і вось, калі ўжо людзі падгулялі, падпілі, мы і ажыцьцявілі гэтую
мару – зьнялі некалькі шарыкаў і яшчэ нейкія цацкі і па сьнезе прынесьлі
да маёй хаты і пад кожным вакном выклалі то зорачку, то нейкую сьняжынку.
І трэба сказаць, што наш крадзёж быў заўважаны старэйшымі, і зранку
па нашых сьлядах, па сьняжку прыйшлі і ўбачылі гэтыя ўпрыгожаньні каля
маёй хаты. Нас моцна не пакаралі, але ж за тое, што без дазволу гаспадара
мы самавольна зьнялі, аднесьлі, не схавалі, а ўпрыгожылі маю хату, нам
крышку папала.
Калі я гэта ўспамінаю, дык неяк на душы і соладка і крышачку прыкра.
Павал Дубашынскі