Галасы стагодзьдзя. - Мінулы век у памяці сучасьнікаў

Нашае сучаснае беларускае жыцьцё, зразумела, вельмі далёкае ад свабоднага. Але гэта быў выпадак, калі я сутыкнуўся зь містычным жахам сапраўднага таталітарызму з усёй яго, так бы мовіць, вычварнай дыялектыкай.

Было гэта ў 89 годзе. Я тады вучыўся ў Беларускім Тэхналягічным інстытуце, а побач са мной у групе вучыліся студэнты з Паўночнай Карэі. СССР ужо ішоў да скону, Усходняя Эўропа буяла аксамітнымі рэвалюцыямі. Гэта ўсё не магло не паўплываць на нашых карэйцаў.
Значкі з выяваю Кім Ір Сэна яны прычаплялі толькі на паседжаньнях свайго зямляцтва, творы свайго правадыра канспэктавалі толькі для праверак.

Праверак гэтых яны баяліся страшэнна. Аднойчы мы вырашылі над імі пакпіць. Было гэта якраз да дня карэйскае канстытуцыі. Да нашых карэйцаў да таго ж прыехаў нейкі правяральшчык з Пхэньняну высьветліць, ці не пранікліся студэнты антыкамуністычнай заразай, ці ня варта іх адклікаць дадому. Ну а мы з хлопцамі пайшлі на галоўпаштамт і змайстравалі сьмешную і зьдзеклівую тэлеграму нашым карэйцам. Подпісу ніякага не паставілі і паслалі.

На наступны дзень глядзім – ходзяць нашыя карэйцы белыя як нябожчыкі. Я разгаварыў аднаго зь іх, якога звалі Лі. У чым, пытаю, справа, што здарылася? Ён амаль плача і кажа:

– Канец мне, відаць. Прыслаў нехта жудасную правакацыйную тэлеграму. Схаваць яе? А раптам гэта наш правяральшчык адаслаў, каб праверыць нашую рэвалюцыйную пільнасьць? А калі паказаць, пачнуцца пытаньні: чаму вам дасылаюць такія тэлеграмы, а можа вы ўжо здрадзілі партыі, радзіме і асабіста таварышу Кім Ір Сэну?

Мне, шчыра кажучы, стала сорамна. Сапраўды чалавек ледзь не памірае. Калі я распавёў яму што да чаго, Лі мяне ледзь не забіў. Але ў той раз усё абышлося.

А ў наступным годзе прыехаў да нашых карэйцаў новы правяральшчык, іх усё-ткі адклікалі на радзіму. Ці была тому прычынай нашая тэлеграма ці жарцікі з крахам савецкага камунізму, якія выкідвала ў той час гісторыя, ня ведаю.

Але зараз падаецца, што мы ўсе крыху падобныя на таго майго карэйскага прыяцеля, і што хтосьці дагэтуль жартуе з намі.

Уладзімер Дорахаў