Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў

Я заўжды хацеў зьняць кіно пра горы, і такая магчымасьць надарылася ў 94-м годзе акурат пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Тады я працаваў у тэлекампаніі ММ-4 у Паўла Жука.

Маршрут быў пракладзены па Каўкаскіх горах. У той час сытуацыя там была вельмі неспакойнай, але нас гэта не спыніла. У горы я ішоў першы раз, камэра была маленькая, у мяне быў вялікі аптымізм.

Калі прайшоў першы дзень, я зразумеў, што ніякага кіно ня будзе, таму што было вельмі цяжка, хоць і вельмі цікава. Ну тое, што я там лётаў са схілаў і ў зьвязках хадзіў, гэта адно. Але вельмі цікавы момант быў ужо ў канцы маршрута, калі мы выходзілі ў Кадорскую цясьніну. У гэты час якраз паміж грузінамі і абхазамі ішла вайна, сапраўдная вайна. І мы выйшлі на перавал, праз каторы (мы пра гэта ня ведалі) на дапамогу абхазам ішлі аддзелы Канфэдэрацыі горскіх народаў Каўказу.

Нічога гэтага ня ведаючы, мы спусьціліся зь перавалу, і ля вазерца скінулі свае заплечнікі, параспраналіся і давай купацца ў гэтым вазёрцы. А калі трэба было выходзіць, мы раптам убачылі, што з-за камянёў за намі назіраюць дзьве аўтаматныя рулі. Было не да сьмеху. Мы думалі, што рабіць. У рэшце рэшт сытуацыя выправілася. Аказалася, што гэта грузінскі пост – не рэгулярнай арміі, а такіх паўвайсковых фармаваньняў. У яго складзе быў пажылы грузін, які жыў у Абхазіі і чый дом спалілі, і украінец, які ці то жыў у Грузіі, ці то трапіў у гэтую вайну выпадкова і застаўся. Яны думалі, што мы аддзел Канфэдэрацыі горскіх народаў Каўказу, што ідзе на дапамогу абхазам.

Як мы зь імі дамаўляліся, гэта асобная размова, але пасьля мы пачалі размаўляць пра сытуацыю ўвогуле пасьля развалу Саюза, пры Грузію і пра Беларусь. Здаецца, яны нам паверылі. І ясна, што далейшы наш маршрут быў пад вялікім пытаньнем, хоць гэтыя людзі сказалі нам, каб мы не хваляваліся і ішлі далей, бо далей грузінскі пагранічны пост, і калі ў нас ёсьць пашпарты, дык праблем ня будзе.

Але настрой ўжо быў такі, што мы вырашылі вяртацца назад праз той самы перавал, празь які праходзілі раней. Мы паведамілі ім пра гэта, сабраліся і рушылі назад. І калі мы прайшлі мэтраў дзесяць – ляскнуў затвор. Я больш нічога ня чуў. Нейкі непрацяглы час я нават ня чуў рыпеньня сьнегу пад нагамі, бо думаў – усё, зараз нас пакладуць усіх…
А калі крадком азірнуўся, дык убачыў, як украінец даставаў патрон з патроньніка – увесь час, пакуль мы размаўлялі, яны былі гатовыя пакласьці нас, каб высьветлілася, што мы ня тыя, за каго сябе выдаем.
Дзякуй Богу, усё скончылася нармальна, і мы праз гэты перавал выйшлі зноў на тэрыторыю Кабардына-Балкарыі, на той час спакойную, і вярнуліся дамоў без вялікіх хваляваньняў і прыгодаў.

Алесь вось той момант, калі ляскнуў затвор, усе сем чалавек, якія знаходзіліся ў нашай групе, відаць, памятаць будуць да канца жыцьця.

Алег Дашкевіч