Я хачу ўспомніць некалькі выпадкаў, калі я пісаў сваю трылёгію “Гаспадар
камень”, “Пабуджаны” і “Свой дом”, прысьвечаную ўтварэньню БНР і БССР.
Да гэтага часу я ўжо быў аўтарам некалькіх кніг прозы – апавяданьняў і
аповесьцяў, якія былі прысьвечаныя ў асноўным сучаснай вёсцы і сучаснаму
гораду таксама. І мне не было вялікай неабходнасьці зьбіраць матар’ял,
каб напісаць гэтыя творы.
Калі ж я прыступіў да напісаньня гэтай трылёгіі – ну, для першага раману
“Гаспадар камень” мне было лягчэй. Гэты твор прысьвечаны падзеям, што былі
да 17 году – літаратура была і дакумэнтальная, даволі і мастацкая літаратура
ў асобе Коласа, Гарэцкага ўсё гэта адлюстравала.
А калі я прыступіў да напісаньня рамана “Пабуджаны”, прысьвечанага непасрэдна
17-му году, тот тут узьнікла шмат цяжкасьцяў. Падзеі тут былі вялікія,
бурныя, тут было шмат палітычных партыяў, пачала дзейнічаць і наша нацыянальная
інтэлігэнцыя, нацыянальныя сілы. Але, па-першае, усе гэтыя дакумэнты былі
ці вывезеныя, ці схаваныя за сяміпудовымі замкамі, а калі што пісалася
ў гістарычнай літаратуры, то там былі толькі два колеры: чорны і белы.
Чорны – прысьвечаны так званым “нацыяналістам”, белы – бальшавікам.
Мне хацелася б расказаць, як я пранікаў у архівы вось за тыя сяміпудовыя
замкі, каб патрымаць у руках дакумэнт, каб паглядзець, адчуць дух таго
часу. Шляхі, якімі я гэта здабываў, былі вельмі цікавыя для мяне.
Скажам, я ведаў, што нямала дакумэнтаў па гісторыі нацыянальнага руху
ў гэтым стагодзьдзі выдадзена за мяжой. А як здабыць? І вось чалавека,
які ехаў у Нямеччыну і Амэрыку, я папрасіў: там табе дадуць, ты знойдзеш,
ну, прывязі…
Ён не паабяцаў, але раптам прывозіць. А якім чынам: ён прыхапіў з сабой
гісторыю КПСС і, вядома, на мяжы, убачыўшы такую кнігу, не зьвярнулі на
гэта ўвагі. А мой таварыш там, за мяжой, вырваў амаль усе старонкі з гісторыі
КПСС і ўклаў туды гэтую кніжку, якую я вельмі хацеў мець.
Генрых Далідовіч