Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў

Першы раз я адчуў, што нейкі лёс вядзе мяне, калі я заняўся гісторыяй старажытнай царквы. Гэта Груздаўская царква 1433 года. Тут недалёка, каля Маладэчна. Там удалося зьберагчы нават ікону, да якой прыходзілі пакланяцца маладзіцы, нявесты рыцараў, да 1939 году.

Мне пры дапамозе Міколы Ермаловіча і Генадзя Каханоўскага ўдалося раскапаць гэтую таямнічую гісторыю. Ікона, якая была ў загашніках КГБ, вярнулася. Мы былі разам – Карпенка, Ганчар… Мы разам прывезьлі ікону. Ганчар сказаў: “Лявонка, мы адбудуем гэтую царкву”. Гэта быў 1995 год, перад рэфэрэндумам.

Я тады падумаў, ці не дарэмна ты гэта гаворыш. А потым я ўспомніў гэта, калі пачуў, што па табе, Віця, стралялі. Потым я падумаў пра гэта, калі пачуў, што ты зьнік…

Але жыве царква пад Груздавам. Там стаіць ікона, вернутая Генадзем Карпенкам. Ну і намі, Таварыствам Беларускай Мовы.

Лявон Цімяхін