Майму сыну 45, свая сям’я, свой клопат у нялёгкі час. Сустракаемся рэдка,
і вось я здалёк успомніў даўняе.
Работа была пільная, я нават і зашчапіўся ў сваім кабінэце, яшчэ
ўсё нязвыклы да гэтага слова, а ён, устаўшы, як і належыцца, значна пазьней
– калі і сёстры ў школе, і маці на кухні занятая, і тое, што тату сёньня
ня можна перашкаджаць, – ён спачатку патупаў мякка каля маіх дзьвярэй,
потым зашморгаў па іх нечым драўляным, а, нарэшце, і нечым пастукаў. Падыходжу,
крыху раздражнёна пытаюся:
– Ну што табе?
Адказ – упершыню такі, і ў памяць на заўсёды:
– А я хачу ў цябе жыць.
А яшчэ памятаю, справядліва ляпнуў унучка па мяккім, а ён расплакаўся
ад найвялікшай крыўды і прытуліўся да дзеда. У мяне, добрага, шукаючы абароны
ад мяне дрэннага. Тыя яго краплістыя сьлёзы не даюць мне спакою гадоў ужо
з пятнаццаць, час ад часу вяртаюцца як боль і вобраз.
Янка Брыль