Я сваё жыцьцё хацеў бы падзяліць на тры пэрыяды. Першы – дзяцінства і юнацтва,
калі жыў у асяродзьдзі сваёй сям’і ў сваёй роднай вёсцы. Я лічу гэты пэрыяд
свайго жыцьця вельмі шчасьлівым, хаця, несумненна, цяжкім. Таму што і ў
даваенны час, і ў час савецкай улады, і, тым больш, у час нямецкай акупацыі
жыцьцё было вельмі цяжкое. Але пры гэтым, аднак, магу гаварыць аб шчасьці,
таму што гармонія была ў сям’і, сужыцьцё паміж маёй сям’ёй і суседзямі,
сваякамі складалася як найлепш. І таму я думаю, што калі ў маім сэрцы ёсьць
нешта высакароднае, добрае, дык гэта ўсё было пачэрпнутае адтуль. І нават
калі гаварыць сёньня аб маіх схільнасьцях паэтычных, то напэўна, іх карэньні
выходзяць з таго асяродзьдзя, з таго часу, калі я быў юнаком.
Другі пэрыяд майго жыцьця зьвязаны з пасьляваенным часам – так званай
Народнай Польшчай, да якой я асабіста не магу мець прэтэнзіяў. Таму што
пасьля шматгадовай дыскрымінацыі ў адносінах да беларусаў у даваенны пэрыяд
– пасьля вайны адкрыліся вялікія магчымасьці вучобы, авансу грамадзкага,
працы і пераезду з перанаселеных беларускіх вёсак у малыя альбо вялікія
гарады Польшчы.
І, урэшце, трэці пэрыяд – калі я першы раз у сваім жыцьці недзе ў 78-79
годзе на запрашэньне Лёнданскага эміграцыйнага асяродку паехаў у Лёндан.
Там я першы раз сустрэўся з такімі людзьмі, як біскуп Сіповіч, сьвятар
Аляксандар Надсан. Перада мной адкрыўся зусім новы сьвет, аб якім я нічога
раней ня ведаў. Я паглядзеў, што ёсьць іншыя людзі – не зьвязаныя ўвогуле
з так званай народнай дэмакратыяй, тым больш зь нейкім там сацыялізмам
– людзі, якія жывуць у зусім іншых варунках, адарваныя ад сваёй Айчыны
і, здавалася б, ад сваёй роднай мовы, а, нягледзячы на гэта, яны захавалі
і беларускую тоеснасьць, прывязанасьць да Радзімы, і адданасьць беларускай
ідэі і беларускай незалежнай дзяржаве.
У наступныя гады – у 81 і 87 – я паехаў у Амэрыку. Сустрэў там цудоўных
людзей-беларусаў – такіх як Сяргей Карніловіч, Кастусь Калоша, дзядзька
Антон Шукелойць, Антон Адамовіч, Янка Запруднік, Кіпель ды ягоная жонка
Зора, браты Русакі. Гэта быў для мяне зусім новы сьвет. Я даведаўся, што
ёсьць вялікая група беларусаў, адарваных ад Радзімы, якія абсалютна нічога
ня страцілі зь беларускасьці. І, несумненна, гэты момант для мяне таксама
стаўся вялікай інспірацыяй у маім сьветапоглядзе, у маім падыходзе да жыцьця
і таксама ў маёй паэзіі.
Я глыбока ўдзячны ўсім людзям з усіх трох пэрыядаў майго жыцьця. Усё
гэта сфармавала спэцыфіку майго жыцьця, і ўсё гэта – прычына майго асабістага
шчасьця. Я перажыў шэсьць грамадзкіх палітычных эпох, я ўсім гэтым людзям
глыбока ўдзячны. Усюды ёсьць вялікая кагорта шчырых, адданых беларускай
справе беларусаў, і гэтыя асобы былі, ёсьць і будуць заўсёды самымі дарагімі
асобамі ў маім жыцьці.
Алесь Барскі