Галасы стагодзьдзя. - Мінулы век у памяці сучасьнікаў

Ёсьць такое мястэчка Будслаў у Мядзельскім раёне. Там ёсьць такі знакаміты ксьцёл Маткі Боскай Будслаўскай Апякункі Беларусі. Каля гэтага Будслава ёсьць невялічкая вёсачка Палесьсе. Вось там я нарадзілася ў 45 годзе, вырасла.

І вось гэтую вёску пад час вайны спалілі поўнасьцю. Пасьля вайны, як сябе памятаю, было яшчэ шмат комінаў разбураных, хат, хоць людзі ўжо і будаваліся. І вось уздоўж вуліцы – дзьве сьцяжынкі. Гэтыя сьцяжынкі былі засыпаныя бітым шклом. Гэта шкло з разьбітых вакон разбураных хат. Шкло гэтае ўжо ўелася ў зямлю, было прысыпанае зямлёй, яно не калолася ў ногі.

І вось мы дзеці бегалі па гэтых сьцяжынках. Я вельмі любіла бегаць па гэтых сьцяжынках босая. Як бяжыш, вецер у вушах сьвішча, і такая радасьць – радасьць ад таго, што шкло блішчыць на сонцы, пераліваецца, зіхаціць. І проста аж захлынаесься ад гэтай радасьці, што так прыгожа блішчыць шкло на сонцы.

Вось я цяпер думаю часта: гэта ж трэба так – у людзей такое гора, такая бяда, а ў мяне – радасьць. Радасьць ад таго, што шкло блішчыць. Вось такі ўспамін.

Яшчэ ў памяці засталіся песьні маёй мамы-нябожчыцы. Я ўсе запомніла. Вось хачу засьпяваць адну:

(сьпявае)

Ды ў лузі касец косіць,
Ды ў лузі касец косіць,
Ды прылёгшы, галосіць:
Ці твая каса тупа,
Ці твая каса тупа,
Ці твая жана скупа?
Ой ты, косю, ты мой косю,
Ой ты, косю, ты мой косю,
Сягоньня паша наша,
Сягоньня паша наша,
А заўтра дарожанька.
Паедзем на Ўкраену,
Паедзем на Ўкраену
Па чырвону дзяўчыну,
Па чырвону дзяўчыну
Па пухову пярыну.

Галіна Бальчэўская