Гэта цікавая гісторыя. Яна адбылася сёлета ў жніўні месяцы. Адбылося так,
што папярэдзілі мяне, што прыедуць рыцары Фёдара Міхеева. Я згадзілася,
што яны прыедуць, але забылася папярэдзіць свае ўлады, бо нашая зона памежная.
І вось прыехалі хлопцы. Я была ў адпачынку, але ж дамовіліся, што прыйду
ўвечары да іх у замак, раскажу пра гісторыю Гальшанаў. Так мы і зрабілі.
Прыйшоўшы ўвечары, я заўважыла прыгожыя шатры на замчышчы, хлопцаў маладых,
надзетых у кальчугі, у шлемы, з кінжаламі, з мячамі. І вось каля вогнішча
мы пасядзелі з гадзінку, я расказала пра гіторыю Гальшанаў, і потым хлопцы,
падзякваўшы, кажуць, што хочуць дзе-небудзь гарбаты папіць з бутэрбродамі.
Я кажу, маўляў, давайце я адвяду вас у кавярню. І вось па Замкавай вуліцы
Гальшанаў (а гэта каля кілямэтру) яны не здымаючы латаў (я сказала, што
можна ісьці, бо нікога няма, позна) і я ідзем па вуліцы да цэнтра Гальшанаў.
Кальчугі зьвіняць бы ў нейкім сьне. Я не прадугледзела, што нам могуць
сустрэцца людзі. І ведаеце, калі людзі (іх было ня так шмат)… Адна жанчына
прыціснулася да плоту і давай жагнацца. Сусед мой (ён мяне ня бачыць за
сьцяной гэтых рыцараў) спыніўся і ня ведае, ці ўперад яму ісьці, ці назад
уцякаць. Ідзем далей. Падыходзім ужо пад кавярню, глядзім – дзеці нясуць
малако аднекуль. Яны з крыкам і гіканьнем са страху рассыпаліся ў розныя
бакі.
А потым я, ужо бачучы, якая рэакцыя ў люду, пайшла ў кавярню першая
і кажу дзяўчатам, каб не палохаліся, бо гэта хлопцы ў камуфляжы, яны прыехалі
на замчышча, маўляў, нічога страшнага. Але ўсё роўна, калі зайшлі рыцары,
бразгаючы кальчугамі, дзяўчаты хуценька падыйшлі да касы і сталі сабой
яе засланяць, баронячы.
Вось так пасьмяяўшыся зь імі, я разьвіталася і пайшла дамоў. Назаўтра
пачуўся такі адгалосак. Нібыта, Гальшаны хтосьці захапіў. Хтосьці пераказаў
уладам у райцэнтар, і вось міліцыя пачала пытацца, хто тут захапіў замак,
як яны там разьмесьціліся, і як яны там апынуліся.
Вядома, тое, што я не папярэдзіла ўлады, гэта мая хіба. Калі я прыйшла
на замчышча на наступны дзень, дык ужо ня ўбачыла сваіх новых знаёмых –
іх папрасілі адтуль. Вось так былі захопленыя Гальшаны ў жніўні сёлета.
Часлава Акулевіч, Гальшаны