Беларусы цешацца пэрсанальнай свабодай — і не патрабуюць грамадзянскай

Ужо ня першы год краіна займае апошнія месцы ў розных міжнародных рэйтынгах узроўню свабоды, аднак выглядае, што беларускае грамадзтва даўно ўжо ня надта рэагуе на такія паведамленьні. Чаму так адбываецца, чаму адсутнасьць свабоды не штурхае большасьць людзей да нейкіх дзеяньняў?
Амэрыканская няўрадавая арганізацыя Freedom House абнародавала даклад аб свабодзе ў сьвеце ў 2012 годзе. Паводле справаздачы, Беларусь застаецца ў ліку несвабодных краін. Беларусь мае найгоршую з магчымых ацэнку паводле палітычных правоў (сямёрку) і шасьцёрку паводле грамадзянскіх свабодаў.

Актывістка «Маладога Фронту» Наста Дашкевіч, магчыма, больш за іншых разумее каштоўнасьць свабоды. Яе муж, палітвязень Зьміцер Дашкевіч, цяпер адбывае пакараньне ў турме, а сама Наста правяла два месяцы ў турме КДБ пасьля разгону Плошчы 19 сьнежня 2010 году.

Наста Дашкевіч: «Беларусы могуць рабіць штодзённа маленькі грамадзянскі ўчынак»

Наста Дашкевіч

«Дык ці ведаюць беларусы, якая яна такая, гэтая свабода? 70 гадоў Савецкага Саюзу, за гэтым 18 год лукашэнкаўскай „стабільнасьці“. Змаганьне за свае правы і свабоду ў Беларусі для чалавека асацыююцца з праблемамі і наступствамі: выключэньне з працы-вучобы, а пасьля, што горай, турмы-калёніі. А галоўнае пытаньне: для чаго? „Я ж адзін нічога не змагу, я гэтую сытуацыю ня вырашу“. Нашая краіна зьнішчае ў людзях усьведамленьне сябе грамадзянамі, індывідамі, якія могуць зрушыць наперад стан рэчаў у Беларусі. Так выхоўвае наш час і асяродзьдзе, што там „ім зьверху лепш бачна, чаго туды лезьці“.

У нармальных дэмакратычных краінах — пачуцьцё актыўнасьці стымулюецца свабодаю слова, свабодаю асацыяцый, свабодаю сходаў і свабоднымі выбарамі, а ў нас гэтае пачуцьцё зьнішчаюць праз поўную адсутнасьць палітычнага жыцьця і, безумоўна, сродкамі рэпрэсіўнага апарату, для тых, хто ўсё ж хоча тое палітычнае жыцьцё ўзнавіць і разварушыць.

Беларусам важна, на мой погляд, зразумець, што яны могуць рабіць штодзённа маленькі грамадзянскі ўчынак. Тое, за што ня ўдараць дубінкаю па галаве і ня кінуць у каталажку, тое, што можа рабіць кожны і абсалютна бясьпечна. У Беларусі ёсьць такі чыньнік і такое дзеяньне — гэта мова. Яе выкарыстаньне — ужо грамадзянскі ўчынак. Пашана да мовы выхоўвае сапраўдную любоў да сапраўднай Беларусі. З боку тых, хто прамаўляе, і з боку тых, хто чуе. Там, дзе ёсьць любоў да краіны, там будзе і свабода ў ёй».

Акудовіч: «Стаць на адзін узровень з Эўропай без свабоды ў нас ніколі не атрымаецца»

Філёзаф Валянцін Акудовіч, як заўсёды, фармулюе парадаксальны погляд на праблему адсутнасьці свабоды ў Беларусі.

Валянцін Акудовіч

«У гэтым рэйтынгу мы такія ж несвабодныя, як Кітай. Але адсутнасьць свабодаў там не замінае Кітаю ўваходзіць у сусьветныя лідэры. Але гэтым я зусім не хачу сказаць, што з-за Кітаю мы мусім пераасэнсоўваць значэньне свабоды ў 21 стагодзьдзі. Для Эўропы свабода — ключавы і базавы панятак. Менавіта з-за гэтага эўрапейская цывілізацыя змагла мадэрнізаваць сябе і ўрэшце ўвесь сьвет. І той самы Кітай стаў тым, кім ён ёсьць, з-за таго, што скарыстаўся мадэрнізацыйным патэнцыялам Эўропы, заснаваным на свабодзе. Але калі Кітай далей будзе абмінаць увагай свабоду, то ягоная веліч не задоўжыцца.

Гэтаксама нічога вартага не атрымаецца ў Беларусі, калі яна будзе і надалей спадзявацца, што неяк можна абысьціся без свабоды. Можна неяк мадэрнізаваць нейкія прадпрыемствы, але стаць на адзін узровень з Эўропай без свабоды ў нас ніколі не атрымаецца.

Я ня ведаю, як прызвычаіць беларусаў да смаку свабоды. Але мне здаецца, што калі аднойчы яны яе добра рассмакуюць, то яна ім, напэўна, спадабаецца».

Івашкевіч: «Беларусы найперш цешацца пэрсанальнай свабодай»

Палітык Віктар Івашкевіч змагаецца за свабоду ад пачатку 80-х гадоў, калі ўдзельнічаў у моладзевым нацыянальным руху, быў сябрам «Майстроўні», «Талакі». Ён лічыць, што пакуль для беларусаў больш важныя каштоўнасьці пэрсанальнай, а не грамадзянскай свабоды.

Віктар Івашкевіч

«Беларусы вельмі доўга жылі ў поўнай несвабодзе. І цяпер, калі яны атрымалі пэрсанальную свабоду — выяжджаць за мяжу, набываць аўто, рэчы — то яны найперш цешацца гэтай пэрсанальнай свабодай.

А для таго, каб адчуць несвабоду грамадзянскую, трэба грамадзянінам яшчэ стаць. На сёньня ўжо адчуваецца незадавальненьне з-за адсутнасьці гэтай грамадзянскай свабоды. Але пакуль гэтае адчуваньне не настолькі вострае, каб сваім удзелам у змаганьні ставіць пад пагрозу свой асабісты дабрабыт».