ШЫЛЬДА. Якім будзе тваё першае слова на роднай мове?

Білборд у Горадні

Афіцыйным заказчыкам рэклямных шыльдаў «Ма-ма=мо-ва. Любіш маму?» і «Якім будзе тваё першае слова на роднай мове?» зьяўляецца Міністэрства культуры Беларусі.
Гэтую інфармацыю пацьвердзіла яго прэс-сакратарка Юлія Віскуб. Яна распавяла, што мэта акцыі адзіная — падтрымка беларускай мовы. Такім чынам натхняць беларусаў выкарыстоўваць родную мову Міністэрства культуры мяркуе да канца гэтага году. Каля сотні рэклямных канструкцый будуць стаяць ува ўсіх абласных цэнтрах краіны.

Ігар Самкін, дырэктар Асацыяцыі рэклямных арганізацыяў — установы, якая яднае 26 рэклямных агенцтваў і якая стала распрацоўніцай рэклямных плякатаў, патлумачыў, што рэалізацыя праекту адбылася супольна зь Міністэрствам культуры, бо, паводле заканадаўства, ініцыяваць сацыяльную рэкляму ў Белаурсі могуць толькі дзяржаўныя ўстановы.

«Сярод чальцоў Асацыяцыі рэклямных арганізацыяў мы правялі конкурс, у якім перамаглі 3 працы. Для таго, каб праект не застаўся толькі на нашай старонцы ў інтэрнэце, мы зьвярнуліся ў Міністэрства культуры з прапановай ператварыць ідэю ў рэальную сацыяльную кампанію. Усе 3 пераможцы былі зацьверджаныя Мінкультам, аднак цыкль плякатаў, які заняў першае месца, не прайшоў узгадненьне ў Менгарвыканкаме. Я мяркую, што не прайшоў па нейкім ідэалягічным моманце. Гэта былі б білборды сэрыі «А якая твая родная мова?», на якіх футбаліст тады яшчэ БАТЭ Рэнан Брэсан, шэф-кухар рэстарацыі «Пявучыя фантаны» Іньяцыё Роза і абаронца хакейнага клюбу «Дынама-Менск» Ерэ Каралахці называюць свае родныя мовы і пытаюцца «А якая твая?».

Такім чынам, рэалізацыю атрымала сэрыя «Якім будзе тваё першае слова на роднай мове?» і асобная праца, якая найбольш спадабалася тагачаснаму міністру культуры Паўлу Латушку, — «Ма-ма=мо-ва. Любіш маму?». Ігар Самкін не разумее, чаму плякаты выклікалі пэўную хвалю нэгатыву сярод карыстальнікаў інтэрнэту:

«У кожным з плякатаў сэрыі „Якім будзе тваё першае слова на роднай мове?“ закладзена філязофія: хлопчык з сабакам — гэта ілюстрацыя дзяцінства і шчырага сяброўства, прыгожая дзяўчына — гэта маладосьць і каханьне, сталая жанчына — маці ці бабуля, удзячная сваім дзецям і унукам, і, нарэшце, малады мужчына — гэта бізнэс і посьпех. Я сам нарадзіўся і вырас у Ташкенце, але жыву ў Беларусі і лічу сябе беларусам. Хачу, каб мае дзеці размаўлялі па-беларуску і ўспрымалі беларускасьць не як нешта палітызаванае, а як жыцьцёвую натуральную рэч. Так мы паспрабавалі паказаць беларускую мову на гэтых білбордах».

Ігар Самкін распавёў, што цягам апошніх дзён ён даведаўся, што ў Менску зьнялі плякаты «Ма-ма=мо-ва. Любіш маму?», аднак пракамэнтаваць гэта ніяк ня можа, бо ня мае афіцыйнага пацьверджаньня гэтых дзеяньняў.

«У меня ёсьць дазвол Менгарвыканкаму на разьмяшчэньне білбордаў. Пра зьняцьцё я нічога ня ведаю. Улічваючы, што заўсёды аддаецца прыярытэт камэрцыйнай рэкляме, можна лічыць, што зьняцьцё часовае і неўзабаве плякаты вернуцца на дэманстрацыйныя канструкцыі», — адзначыў Ігар Самкін.

білборд у Гомелі


білборд у Магілёве


ТАА «БелЗьнешРэкляма», вядомая акцыяй «Смак беларускай мовы», займаецца такога кшталту прамоцыяй з 2011 году. У супрацоўніцтве з кампаніяй Samsung былі распрацаваныя і разьмешчаныя на сіці-фарматах у Менску постэры з выявамі ягад і жывёлін. Цяпер фірма рэалізуе новую сацыяльна значную кампанію «Родныя даты», у межах якой будуць зьяўляцца білборды з выявамі гістарычных асобаў разам з датамі іх жыцьця, а таксама гістарычных падзеяў. Маркетоляг «БелЗьнешРэклямы» Яўген Бандарэнка адзначае, што, нягледзячы на некамэрцыйны характар такога кшталту адвэртайзынгу, апошнім часам попыт на плошчы пад рэкляму сацыяльнага і гістарычна-культурнага кірунку павялічыўся.

«У гэтым годзе „БелЗьнешРэкляма“ праводзіць акцыю „Родныя даты“. У Менску, Баранавічах, Салігорску, а таксама паўзбоч шашы на выездах зь Менску ўжо стаяць нашыя канструкцыі з выяваю Еўфрасіньні Полацкай. Яшчэ цягам году распрацуем 4-5 сюжэтаў. Увогуле камэрцыйныя фірмы праводзяць такія акцыі, каб паказаць, што ня толькі краіна дбае пра грамадзянаў, але і бізнэс таксама зацікаўлены ў інтэлектуальным разьвіцьці беларусаў, павелічэньні іх гістарычна-культурнай сьвядомасьці», — адзначыў Яўген Бандарэнка.




Алег Трусаў

Старшыня Таварыства Беларускай мовы Алег Трусаў лічыць, што за кожны, нават маленькі крок дзяржаўных установаў да беларускай мовы трэба быць удзячнымі, а не вінаваціць ананімна ў інтэрнэце ў крывадушшы.

«Гэтыя білборды — кроплі, безь якіх не бывае мора. Уладам трэба падзякаваць за тое, што ў прыватных фірмаў ёсьць такая магчымасьць даваць рэкляму беларускай мовы. А тое, што беларуская мова ёсьць эфэктыўным бізнэс-мэтадам, — ужо даказаны факт. Калі „Galina Blanca“ і „Samsung“ выкарысталі яе ў рэкляме, то продажы тавараў павялічыліся больш чым на 10 адсоткаў. Чалавек падсьвядома хутчэй абярэ тавар, пра які прачытаў на роднай мове. І бізнэс гэта даўно зразумеў. Тыя фірмы, якія цяпер робяць сацыяльную рэкляму па-беларуску, ускосна робяць сабе выдатную прамоцыю».