Дзе праходзіць мяжа чалавечай цярплівасьці? Як ні дзіўна, за дзьвярыма кабінэта дантыста. Цягам некалькіх тысячагодзьдзяў стаматолягі і прымкнулыя да іх кавалі, цырульнікі і шаманы гераічна трывалі ўсе тыя крыкі і праклёны, якімі іх шчодра ўзнагароджвалі ўдзячныя пацыенты. Але і на дзеўку грэх бывае: у сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя стаматолягам нарэшце надакучыў гэты няспынны лямант. У цёмныя сутарэньні самай інквізытарскай галіны мэдыцыны спусьцілася анэстэзія — уся ў белым, як анёл, і лёгкая, як галюцынацыя.
21 студзеня 1815 году нарадзіўся Горас Ўэлс, амэрыканскі лекар, якому першаму прыйшло ў галаву скарыстаць закіс азоту для таго, каб палегчыць пакуты пацыентаў. Як і ўсе найвялікшыя адкрыцьці, гэтае адбылося зусім выпадкова. Ці не зусім — Ўэлс, дарма што дантыст, заўжды вельмі шкадаваў тых, каму даводзілася разяўляць перад ім рот... І вось у 1844 годзе яму давялося прысутнічаць на адной лекцыі, дзе дэманстравалася, як нейкі ачмураны вясёлым газам небарака жыцьцярадасна драпаў уласную скуру — рыхтык які-небудзь сьвяты пакутнік. І тут наш доктар сур’ёзна задумаўся.
Ужо на другі дзень Ўэлс паспрабаваў эфэкт газу на сабе — папрасіўшы калегу, пакуль ён сам будзе пад кайфам, выдзерці яму зуб мудрасьці. Апэрацыя прайшла пасьпяхова, газ зрабіў сваю справу, Ўэлса чакала слава — але і канкурэнты ня спалі. У пошуках усё лепшых і лепшых анэстэтыкаў доктар Ўэлс, які кожны зь іх спрабаваў на сабе, пакрысе закінуў сваё рамяство, засяродзіўшыся выключна на дасьледаваньні наркозу. Ржавелі ў куточку любімыя абцугі, панура маўчала некалі стракатлівая бормашына... І ўрэшце ў галаве ў няшчаснага доктара нешта зламалася. Аднойчы сярод белага дня ён пырснуў выпадковаму мінаку ў твар кіслатой, прычым з самых высакародных памкненьняў — вырашыўшы, відаць, што пасьля такой моцнай анэстэзіі выдаленьне зуба падасца небараку камарыным укусам. Мінак, які сьпяшаўся на спатканьне, не ацаніў дабрыні доктара і чамусьці моцна пакрыўдзіўся...
Ўэлс трапіў у вар’ятню — і тым ня менш ягонае імя засталося назаўжды ўпісанае ў крывавую гісторыю стаматалёгіі. Сьвет не бяз добрых людзей — нават калі на іх няма белых халатаў. Нізкі паклон вам, містэр Ўэлс, ад усіх бедных грэшнікаў, чые распухлыя дзясны ў гэты момант адыходзяць ад замарозкі. Хто ведае: калі б ня вы, можа, і да яе ніколі б не дадумаліся.