http://www.youtube.com/embed/LKsdqB3S1uI
19 студзеня — наогул асаблівы дзень у бітла-календары. У гэты дзень у 1963-м чацьвёрка зьявілася ў тэлеперадачы «Thank your lucky stars» на брытанскай тэлевізіі (сама перадача была запісаная на тыдзень раней) і зладзіла сапраўдны фурор. А 19 студзеня 1967-га на Эбі Роўд быў пачаты запіс знакамітага бітлоўскага гіта «A Day in the Life». Таго самага, які закрывае «Сяржанта Пэпэра».
http://www.youtube.com/embed/4xljFT44Y1Y
Гэта загадкавая кампазыцыя, адна з галоўных прыступак, па якіх Бітлз зьдзейсьнілі сваё падарожжа ў Залюстроўе. Тут ня толькі гучыць будзільнік, але і ствараецца эфэкт сапсаванага тэлефона: шмат хто са слухачоў пачуў у песьні словы «Я пахаваў Пола», якіх там не было. Дзіўны тэкст, значэньне якога літаратуразнаўцы расшыфроўваюць дагэтуль. Да таго ж з намёкамі на наркатычныя вобразы, ад якіх бітлы, як водзіцца, дваццаць гадоў адхрышчваліся, каб потым стомлена прызнацца: так, было, чаго ўжо тут. Тут жывуць шматзначныя барабанныя зьбіўкі, гераічная гітара і статак тлустай атанальшчыны, на запіс якой пайшло больш часу, чым на ўвесь першы альбом гурту. І ўсё гэта вянчаюць дэманічны голас Ленана і бадзёры, як сталінскі марш, голас Макартні. Адзін дзень з жыцьця за пяць хвілін. Многа гэта ці мала, ведае, напэўна, толькі Людміла Гурчанка.