14 студзеня — 120 гадоў Канстанцыі Буйле

Канстанцыя Буйло з мужам Віталём Адольфавічам Калечыцам у дзень шлюбу 7 чэрвеня 1916

«Люблю наш край — старонку гэту, Дзе я радзілася, расла, Дзе першы раз пазнала шчасьце, Сьлязу нядолі праліла...» Хто ў Беларусі ня ведае гэтых словаў, якія, пакладзеныя на музыку кампазытарам Міколам Равенскім, сталі народнай песьняй, а яе мэлёдыя — пазыўнымі нашага радыё?
Суаўтарка Равенскага — паэтка і дзяячка нацыянальнага руху «нашаніўскае» пары Канстанцыя Буйла. 120 гадоў таму яна прыйшла на сьвет у Вільні.

Шмат хто ўспрымае цяпер Канстанцыю Буйлу як аўтарку адзінага паэтычнага зборніка «Курганная кветка», выдадзенага ў Вільні ў 1914-м пад рэдакцыяй Янкі Купалы. Аздобіў кнігу Язэп Драздовіч, а першую рэцэнзію на яе напісаў Максім Багдановіч.

Янка Купала прасіў Канстанцыю: «Пішыце яшчэ і яшчэ» і прысьвяціў зусім юнай паэтцы верш «Мая думка». І яна выканала просьбу мэтра. На выставе, якая экспануецца ў гэтыя дні ў Нацыянальнай бібліятэцы з нагоды 120-годзьдзя Канстанцыі Буйлы, выстаўленыя яе кнігі, якія мала вядомыя сёньня шырокаму чытацкаму колу. Гэта «Выбраныя творы» (аднатомнік — 1954, двухтомнік — 1981), кнігі «Выбранае» (1968, 1976), тэматычныя зборнікі вершаў і паэм «Сьвітаньне» (1950), «Юрачка» (1957), «На адноўленай зямлі» (1961), «Май» (1965), «У бляску зор» (1968), «Роднаму краю» (1973), «Вясной» (1984), «...Коціцца рэха» (1993), «Пялёсткі курганнай кветкі» (2007). А яшчэ на выставе больш за трыста дакумэнтаў, якія разам з творамі паэткі чакаюць дасьледчыкаў, — кажа літаратуразнаўца Сьвятлана Калядка.

«Паэтэса не раскрыта для сучасьнікаў. Яе творчасьць усё яшчэ чакае сваіх дасьледчыкаў».

Між тым дасьледчыкі ў цывільным яшчэ шэсьцьдзесят гадоў таму зрабілі прысуд яе творам пасьля выхаду ў Менску другога зборніка — «Сьвітаньне».

«Пад словам „Радзіма“ паэтка разумее ня ўвесь Савецкі Саюз, а толькі Беларусь. Прычым для яе Савецкая Беларусь ня роўная сярод роўных брацкіх рэспублік Савецкага Саюзу, а абасобленая, „прыгажэйшая“, „найдаражэйшая“, да якой няма роўных», — пісала ў 1951 годзе газэта «Зьвязда». Рэцэнзэнта асабліва абурыў верш, напісаны ў 1946 годзе:

«Зямля мая далёкая,
Зямля мая цудоўная,
Радзіма сінявокая,
Якая ж табе роўная?

Mo ёсьць і прыгажэйшыя, —
Каму што ў сьвеце глянецца, —
Мая ж — найдаражэйшаю
Да сьмерці мне астанецца».


На абарону паэткі ўстаў эміграцыйны друк. Газэта «Бацькаўшчына» ў нумары за 31 кастрычніка 1951 году так ацаніла яе новую кнігу: «К. Буйла, сяньня адзіная побач зь Я. Коласам прадстаўніца беларускае паэзіі яшчэ дабальшавіцкага пэрыяду, знайшла ў сабе столькі мужнасьці й адвагі, каб, паміма жудаснага бальшавіцкага маральнага й фізычнага тэрору, апяваць Беларусь такую, аб якой мроіць і да якой імкнецца ўвесь беларускі народ».

Тое, што пасьля гэтых публікацый паэтка не была рэпрэсаваная, можна лічыць дзівам, якога, аднак, магло не адбыцца, калі б не заступніцтва сяброўкі маладосьці — Купалавай жонкі Ўладзіславы Францаўны ды іншых уплывовых асобаў, — мяркуе дасьледчыца творчасьці Канстанцыі Буйлы Сьвятлана Калядка:

«Я думаю, што ня толькі Ўладзіслава Францаўна падтрымлівала, а і ўсе астатнія пісьменьнікі зь яе акружэньня, таму што яе нездарма ацанілі даволі высока яшчэ на пачатку творчасьці. Яна ж усё-ткі пачынала так хутка, упэўнена ўвайшла ў беларускую літаратуру, і пры тым яна ўвайшла не як пачаткоўка, а як талент, які ўжо склаўся».

Акружэньне паэткі ад часу яе замуства і пераезду ў 1923 годзе ў Маскву, дзе яна пражыла да скону дзён, складалі пераважна расейскія творцы, дзякуючы якім выйшлі яе кнігі ў перакладзе — «У лесного озера» (1958), «Утро в лесу» (1958), «Пишу тебе» (1971). Але ні менскія, ні маскоўскія сябры ня ведалі пра тыя яе творы, якія яна напісала ў 30-я, калі ў віхурах рэпрэсіяў зьнік яе муж. Творы, якія можна параўнаць, на думку літаратуразнаўцаў, з «Рэквіемам» Ганны Ахматавай. Спадарыня Калядка, да якой гэтыя вершы Канстанцыі Буйлы ў свой час трапілі ў рукапісных копіях, зазначае:

«Паралелі можна, канечне, праводзіць з падобнымі творамі Ганны Ахматавай, аднак у кожнага ж свая трагедыя, у кожнага свой боль усё роўна. Таму гэтыя адценьні ўласнай трагедыі — яны абсалютна розныя».

Асабістая трагедыя ды адыход «нашаніўскіх» сяброў наклалі адбітак на ўсё далейшае жыцьцё і творчасьць. У 1968-м Канстанцыя Буйла адмовілася сьвяткаваць свой 75-гадовы юбілей на радзіме. «Што адзначаць? — пыталася яна ў ініцыятараў сьвяткаваньня. — Што з плеяды нашых пісьменьнікаў адна засталася, як сасна на галявінцы, хістацца над магілаю сьсечаных дрэў?..»

Калі чвэрць стагодзьдзя таму яе душа адляцела ў Вечнасьць, прах Канстанцыі вярнуўся ў родную Беларусь, пад тое неба, што, як яна пісала, «па-асабліваму блакітнае, паркалёвае, трошкі ружаватае...»

———————————

Канстанцыя Буйла (у шлюбе — Калечыц; 14 студзеня 1893, Вільня — 4 чэрвеня 1986, Масква)— беларуская паэтка.

Нарадзілася ў сям’і аб’езьніка графа Тышкевіча. Асноўную адукацыю атрымала дома ў хатніх настаўнікаў. Скончыла кароткатэрміновыя настаўніцкія курсы ў Вільні (1914). Настаўнічала ў вёсцы Горнае Скробава. Загадвала беларускай кнігарняй у Полацку (1915–1916), але ў сувязі зь яе закрыцьцём перайшла на працу ў Земскі саюз. 7 чэрвеня 1916 году выйшла замуж за Віталя Адольфавіча Калечыца (у 1933-м арыштаваны). У 1923 годзе пераехала ў Маскву да мужа, дзе жыла да самай сьмерці ў Ціхвінскім завулку, № 11. Працавала ў розных арганізацыях і ўстановах. Сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР (з 1944). Памерла ў Маскве 4 чэрвеня 1986 году. У 1989-м урну зь яе прахам перавезьлі ў мястэчка Вішнева на Валожыншчыне.

Першыя вершы К. Буйлы былі надрукаваныя ў 1909 г. у газэце «Наша ніва» з дапамогай і пад імем брата — Э. Буйло. Першую кнігу паэтэсы «Курганная кветка» (1914) адрэдагаваў Янка Купала. Пазьней былі зборнікі вершаў і паэм «Сьвітаньне» (1950), «Юрачка» (1957), «На адноўленай зямлі» (1961), «Май» (1965), «У бляску зор» (1968), «Роднаму краю» (1973), «Вясной» (1984), «...Коціцца рэха» (1993), «Пялёсткі курганнай кветкі» (2007), «Выбраныя творы» (аднатомнік — 1954, двухтомнік — 1981), кнігі «Выбранае» (1968, 1976),

—————————

ЛЮБЛЮ...

Люблю наш край, старонку гэту,
Дзе я радзілася, расла,
Дзе першы раз пазнала шчасьце,
Сьлязу нядолі праліла.

Люблю народ наш беларускі,
Іх хаты ў зелені садоў,
Залочаныя збожжам нівы,
Шум нашых гаяў і лясоў.

Люблю раку, што свае воды
Імчыць ў няведамую даль,
І жоўтасьць берагоў пясчаных,
І яснасьць чыстых яе хваль.

Люблю вясну, што ў кветкі, ў зелень
Прыстроіць цэлую зямлю;
На гнёздах буслаў клекатаньне
І сьпеў жаўроначка люблю.

Люблю гарачу сьпёку лета
І буру летнюю з дажджом,
Як гром грыміць, а ў чорных хмарах
Маланка зіхаціць агнём.

І восень сумную люблю я,
І першы звон сярпоў і кос,
Як выйдуць жнеі збожжа жаці,
А касары — на сенакос.

Люблю зіму зь яе марозам,
Што вокны прыбярэ ў вузор,
І белы сьнег, што, ўсё пакрыўшы,
Ірдзіцца бляскам ясных зор.

Люблю ў пагодную я ночку
Да позна на дварэ сядзець,
Сьлядзіць за зорачак дрыжаньнем,
На месяц залаты глядзець.

Люблю, як сонейка заходзіць
І бераг хмаркі залаціць,
Вячорнага як голас звону
К нам зь ветру хваляю ляціць.

І песьню родную люблю я,
Што дзеўкі ў полі запяюць,
А тоны голасна над нівай
Пераліваюцца — плывуць.

Усё ў краю тым сэрцу міла,
Бо я люблю край родны мой,
Дзе з шчасьцем першым я спазналась
І з гора першаю сьлязой.