Лябедзька, Някляеў, Чыгір і Шушкевіч – супраць інтэрнэт-выбараў

Сама ідэя інтэрнэт-выбараў узьнікла на Кангрэсе новай беларускай дыяспары ў Таліне ў лістападзе 2012 году.

Яны не падтрымліваюць прапанову эмігранта Уладзіміра Барадача абраць сябраў Каардынацыйнай рады апазыцыі з дапамогаю інтэрнэт-галасаваньня, паведамляе БелаПАН.

Сама ідэя інтэрнэт-выбараў узьнікла на Кангрэсе новай беларускай дыяспары ў Таліне ў лістападзе 2012 году.


Лябедзька: у мяне ёсьць да Барадача прапанова, якая адпавядае ягонаму тэмпэрамэнту

Лідару Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолю Лябедзьку «асобныя фрагмэнты супэрактыўнасьці» Уладзіміра Барадача падаюцца сымпатычнымі: «У мяне ёсьць да Барадача прапанова, якая адпавядае ягонаму тэмпэраменту. Не магу яе агучваць, зраблю гэта пры сустрэчы». Паводле яго, падзеі ў віртуальнай прасторы мусяць дапаўняць рэальнасьць, а не наадварот: «Любое галасаваньне ў інтэрнэце можа быць толькі дадаткам да народнага праймэрыз».

Падчас апошняга народ, які задае пытаньне «Хто замест Лукашэнкі?», мае вызначыць лідараў, зь якіх пасьля можна абраць адзінага кандыдата на прэзыдэнцтва.

Чыгір: няхай усё робяць безь мяне, я пэнсіянэр і нікуды не зьбіраюся

Былы прэм’ер-міністар Міхаіл Чыгір, да якога Барадач таксама зьвярнуўся з адкрытым лістом, пра яго зьмест даведаўся з размовы з карэспандэнтам БелаПАН:

«Нікуды не зьбіраюся. Хай усё робяць безь мяне. Чаму? Расчараваны. Ды і я ўжо пэнсіянэр, мне ў гэтым годзе будзе 65 гадоў. Хай адважваюцца маладыя». Ён адзначыў, што раней працаваў з Барадачом, і ў тыя часы палкоўнік «ня меў такіх радыкальных поглядаў». Магчыма, на яго паўплываў ад’езд за мяжу, мяркуе экс-прэм’ер.

Шушкевіч: трэба змагацца на месцы, а не ў інтэрнэце за мяжою

Былы сьпікер Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч заявіў, што яго ідэя Барадача не захапляе, бо «і так больш-менш ясна, што трэба рабіць»: «Каб займацца палітыкаю тут, трэба мець пэўную мужнасьць. А абвяшчаць лёзунгі, седзячы спакойна за мяжою і карыстаючыся інтэрнэтам, нескладана. Ідэяў можа шмат ўзнікнуць». Перад Новым годам ён сустракаўся з Барадачом у Вільні, але той пра апошнюю ініцыятыву нічога не казаў.

Някляеў: інтэрнэт не дае легітымнасьці

Лідар кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў заявіў, што падтрымлівае Барадача ў справе аб’яднаньня апазыцыі ды стварэньня Каардынацыйнай рады. Ён падкрэсьлівае, што апошні мусіць быць легітымны, а інтэрнэт-галасаваньне ня можа гэтага забясьпечыць.

Што прапанаваў Барадач?

Колькі дзён таму палкоўнік Уладзімір Барадач зьвярнуўся да кіраўніцтва беларускіх апазыцыйных партыяў і рухаў з заклікам выставіць на інтэрнэт-выбары сваіх прадстаўнікоў, каб стварыць Каардынацыйную раду апазыцыі. У будучыні ён мог бы стаць каардынацыйным органам усіх дэмакратычных сілаў, выпрацаваць адзіную дактрыну, стратэгію і тактыку барацьбы, прапанаваць грамадзянам сацыяльна-эканамічную, палітычную і нацыянальную праграмы выхаду з крызісу і разьвіцьця Беларусі, — нагадвае Белсат.

Паводле Барадача, выбары дадуць магчымасьць задаволіць амбіцыі палітыкаў, паказаць рэйтынг і давер грамадзянаў да ўсіх палітычных структураў і лідараў, аб’яднаць усе сілы, стварыць сыстэму і паказаць людзям гатовасьць і здольнасьць удзельнічаць і ўплываць на працэсы, якія адбываюцца ў краіне.