Беларускія назіральнікі на выбарах ў Чэхіі зафіксавалі шэраг недахопаў

Кабінка для галасаваньня на адным з участкаў у Празе, 11 студзеня 2013 году

Група кароткатэрміновых міжнародных назіральнікаў, акрэдытаваная ад недзяржаўнай арганізацыі Belarus Watch, падвяла папярэднія вынікі назіраньня за выбарамі прэзыдэнта Чэхіі 11–12 студзеня 2013 году.

Назіральнікі наведалі 182 выбарчыя ўчасткі ў розных рэгіёнах краіны і адзначылі высокі ўзровень арганізацыі выбараў.

У заяве місіі адзначаецца высокі ўзровень арганізацыі працэдуры галасаваньня, прафэсіяналізм і падрыхтаванасьць чальцоў выбарчых камісіяў.

Місія па назіраньні адзначыла таксама шэраг недахопаў, якія, аднак, не паўплывалі на вынікі выбараў. «На розных участках выбарчыя скрыні апячатваліся па-рознаму. На некаторых участках на скрынях прысутнічалі замкі, на іншых іх не было. Часам скрыні толькі апячатваліся, пры гэтым подпісы чальцоў камісіяў на скрынях адсутнічалі. У некаторых выпадках на ўчастках меліся неапячатаныя скрыні, якія, паводле словаў чальцоў выбарчых камісій, не выкарыстоўваліся, аднак маглі быць задзейнічаныя пазней. Місія мяркуе, што працэдура апячатваньня скрыняў для галасаваньня мусіць быць дэталізаваная ў заканадаўстве» — гаворыцца ў заяве.

Місія па назіраньні за выбарамі складалася з 35 чалавек — прадстаўнікоў беларускіх недзяржаўных арганізацыяў, студэнтаў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.

Місія была арганізаваная ў межах праекту «Назіраньне за выбарамі: тэорыя і практыка» арганізацыяй Belarus Watch у партнэрстве з Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэтам і Домам правоў чалавека ў Вільні. У папярэднія гады ўдзельнікі праекту назіралі за выбарамі ў Беларусі, а таксама ў іншых краінах Эўропы.