Вызначаны лонг-ліст літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца

Ежы Гедройц

Сярод намінантаў кніга «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча» зь Бібліятэкі Свабоды. Усяго ўсьпісе 12 кніг прозы, выдадзеных у 2012 годзе.
Намінанты:

Сяргей Балахонаў. «Зямля пад крыламі Фенікса (Нарысы з паралельнай гісторыі Беларусі)». Менск: Логвінаў, сэрыя «Галярэя Б»;

Альгерд Бахарэвіч. «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча». Менск: Логвінаў, Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, сэрыя Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе;

Алена Брава. «Рай даўно перанаселены». Менск: Галіяфы, сэрыя «Другі фронт мастацтваў»;

Адам Глобус. «Сказы». Менск: Харвест;

Паліна Качаткова. «Матылі». Менск: Кнігазбор, сэрыя «Кнігарня Пісьменьніка»;

Уладзімер Някляеў. «Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без (Менскі раман)». Менск: Паперус;

Андрэй Пакроўскі. «Як я перастаў верыць у Дзеда Мароза». Менск: Логвінаў, сэрыя «Кнігарня Пісьменьніка» / «Пункт адліку»);

Алесь Пашкевіч. " Сімъ Побѣдиши«. Менск: Кнігазбор;

Людміла Рублеўская. «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега». Менск: Рэдакцыя газэты «Звязда»;

Юры Станкевіч. «Шал». Менск: Галіяфы, сэрыя «Другі фронт мастацтваў»;

Уладзімер Сьцяпан. «Адна капейка». Менск: Літаратура і Мастацтва;

Андрэй Федарэнка. «Ланцуг». Менск: Мастацкая літаратура, сэрыя «Беларуская проза ХХІ стагоддзя»;

Літаратурная прэмія Гедройца прысуджаецца за найлепшую кнігу, якая была выдадзеная (у папяровым або электронным варыянтах) у 2012 годзе на беларускай мове ў жанрах «мастацкая проза», «эсэістыка» (журы прэміі пакідае за сабой права вызначаць жанр твораў у спрэчных выпадках).

Намінаваньне праводзіцца ў тры этапы. Цягам 2012 году складаўся агульны сьпіс прэтэндэнтаў. Да канца тэрміну падачы заявак у ім было 43 кнігі. З вызначанага лонг-ліста напачатку лютага журы прагаласуе за шорт-ліст прэміі (6 пазыцыяў). Абвяшчэньне і ўшанаваньне пераможцы(-аў) адбудзецца 3 сакавіка 2013 году, у Міжнародны дзень пісьменьніка. Сярод узнагародаў — магчымасьць выдаць кнігу ў Польшчы, літаратурныя стыпэндыі і запрашэньні ў эўрапэйскія дамы творчасьці.

Прэмія імя Ежы Гедройца заснаваная Беларускім ПЭН-цэнтрам, Саюзам беларускіх пісьменькаў, амбасадай Рэспублікі Польшча ў Беларусі, Польскім інстытутам у Менску і ЗАТ «Сомбелбанк» два гады таму.

Мэты прэміі:

  • ушанаваць памяць Ежы Гедройца (Jerzy Gedroyc) (1906 — 2000) — публіцыста, палітыка, заснавальніка і рэдактара парыскага грамадзка-палітычнага часопісу «Kultura» на польскай мове. Ежы Гедройц нарадзіўся ў 1906 годзе ў Менску і ў сваёй культурнай дзейнасьці быў пасьлядоўным прыхільнікам добрасуседзкіх зносінаў паміж Польшчай і Беларусьсю, Літвой, Украінай;
  • паспрыяць паглыбленьню польска-беларускіх стасункаў у галіне культуры;
  • папулярызаваць сучасную беларускую літаратуру ў Беларусі і Польшчы;
  • падтрымаць актуальных беларускіх пісьменьнікаў, паспрыяць выхаду іх творчасьці на міжнародны ўзровень.


Першым ляўрэатам стаў Павал Касьцюкевіч са зборнікам апавяданьняў «Зборная РБ па негалоўных відах спорту».