Беларусь павінна аддаваць МВФ грошы з хуткасьцю 52 даляры на сэкунду

Міжнародны валютны фонд апублікаваў графік, калі Беларусь павінна пагасіць свае пазыкі.
Самыя вялікія выплаты прыпадаюць на красавік, чэрвень і кастрычнік. У кожны з гэтых месяцаў краіна павінна будзе аддаць па 270 мільёнаў даляраў ЗША.


Год Сума выплатаў, у мільёнах даляраў ЗША
2012 465,2
2013 1 630
2014 1 370
2015 85



За 2013 год Беларусь павінна выплаціць МВФ:

  • 1,63 мільярда даляраў,
  • або 4,47 мільёна даляраў на дзень;
  • або 186 073 даляра на гадзіну;
  • або 3101,31 на хвіліну;
  • або 51,68 на сэкунду.



Калі яшчэ трэба выплачваць грошы, у млн. даляраў ЗША








Колькі грошай пойдзе на тое, каб аддаць пазыкі у мільёнах даляраў ЗША

http://infogr.am/1352184580-395581


Прэйгерман: «Золатавалютныя рэзэорвы, мабыць, давядзецца патраціць»

Яўген Прэйгерман

«З аднаго боку, усё можа прайсьці спакойна, паколькі Беларусь мае дастаткова вялікія золатавалютныя рэзэрвы — у пераліку на даляры больш за 8 мільярдаў. Але, з другога боку, напрыканцы 2012 году значна пагоршылася гандлёвае сальда. Таму, магчыма, давядзецца выкарыстоўваць ЗВР на паляпшэньне сальда. Летась Беларусь атрымала нямала валюты праз „растваральнікі-разбаўляльнікі“. І тут цікава, ці знойдуць сёлета ўлады нейкія новыя схемы, падобныя да гэтай. Да таго ж з Расеяй па нафце дамовіліся пакуль толькі на першы квартал. І калі тут далей нешта затармозіцца, то таксама давядзецца браць валюту з запасаў. Карацей, вельмі многае будзе залежаць ад сытуацыі з энэрганосьбітамі і ад каньюнктуры беларускіх тавараў на замежных рынках», — заявіў у інтэрвію «Свабодзе» дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман.

«Калі ўсё складзецца ня ў добрым для Беларусі рэчышчы, то давядзецца залезьці ў рэзэрвы. І тады можна чакаць пэўнай дэвальвацыі рубля, паколькі перадумовы для гэтага ёсьць. Хутчэй за ўсё, заробкі сёлета наўрад ці будуць падвышацца. А вось кошты падвышацца будуць. І тут пытаньне ў тым, наколькі гэта будзе крытычна? Але даць дакладны адказ на яго сёньня немагчыма. Што ж тычыцца канкрэтных месяцаў, калі можа адбыцца скачок цэнаў і дэвальвацыя рубля, то і гэта болей зьвязана з тымі перадумовамі, пра якія я казаў, чым з канкрэтнымі тэрмінамі выплаты даўгоў МВФ», — адзначыў Яўген Прэйгерман.

Беларусь і МВФ: гісторыя крэдытаў і стасункаў

Пасьля звароту беларускіх уладаў Рада выканаўчых дырэктараў МВФ 12 студзеня 2009 году ўхваліла праграму тэрмінам на 15 месяцаў і выдзяленьне Беларусі фінансавых рэсурсаў у аб’ёме каля $2,46 млрд. Пазьней на просьбу беларускага боку МВФ павялічыў агульны аб’ём фінансаваньня да $3,46 млрд. За час з 1992 па 2008 год Беларусь двойчы скарыстала фінансавыя рэсурсы МВФ: па лініі фонду сыстэмных трансфармацыяў — $217,2 млн, і паводле мэханізму стэнд-бай — $77,4 млн. Абодва гэтыя крэдыты Беларусь цалкам пагасіла ў лютым 2005 году. Беларусь — сябра МВФ з 1992 году.