Шахматы я люблю, вось толькі гуляю кепска. Палова партыі — а потым: я ад вас далёка, шахматныя гоні... Уся ўвага пераключаецца на суперніка: як дыхае, куды глядзіць, пра што сапе сваім неспакойным носам... Зь якой ён кнігі? Хто яго напісаў? Ну і наогул: недахоп канцэнтрацыі, адсутнасьць уседлівасьці, нізкі айк’ю, няправільны прыкус, цяжкае дзяцінства, раньні склероз, раздвоенасьць асобы, пыл у вачах, поўны астыгматызм мысьленьня. Не да шахмат. Пешка саскоквае з дошкі і пачынае свой шлях да бездані, на край стала.
С раждзенія Бобі пай-мальчыкам быў, імеў Бобі хобі — ён дзеньгі любіў. Так сьпявалася ў адным савецкім мульціку. 8 студзеня 1957-га чатырнаццацігадовы школьнік Бобі Фішэр стаў чэмпіёнам ЗША па шахматах. Хлопчык Бобі быў геній — і не адмаўляў гэтага. А геній мае права на ўсё.
Адзін за адным зрынутыя наймацнейшыя гросмайстры. Яго ўдарыла славай, як дошкай па галаве. Ён патрабаваў неймаверныя грошы за тэлефоннае інтэрвію. Ён абзываў судзьдзяў камуністамі і адмаўляўся абедаць з прэзыдэнтам. «Бобі ня любіць касьцюмаў, ня п’е, ня курыць, не сустракаецца зь дзяўчатамі», — папярэджвала маці арганізатараў аднаго з турніраў. Ён жыў толькі ў шыкоўных гатэлях, у нумарах люкс, спазьняўся на матчы, раздаваў абяцаньні і сам жа іх парушаў. «Бобі — наш прафсаюз», — жартаваў Барыс Спаскі, намякаючы на тое, што дзякуючы каралеўскім патрабаваньням Фішэра да шахматыстаў пачалі ставіцца як да людзей
— калі поп-зорак і прафэсійных баксёраў можна назваць людзьмі (мы ж і так усе ведаем, што яны звышчалавекі і небажыхары). Бобі капрызіў, як мог, і яму даравалася ўсё. А калі не даравалася, ён мог і плюнуць. Як плюнуў на забарону выступаць у Югаславіі, чым зарабіў сабе завочна 10-гадовае зьняволеньне. Плюнуў у літаральным сэнсе: публічна разарваў дакумэнт і плюнуў на яго сваёй геніяльнай сьлінай. Жыў у Вугоршчыне і Ісьляндыі, адмовіўся ад амэрыканскага грамадзянства — ды каб жа толькі ад яго, ён адмаўляў Галакост, удаваў зь сябе антысэміта, усім сваім выглядам дэманстраваў, што яму ўсё, усё, усё да аднаго месца, апрача шахмат, і задоўга да сьмерці, здавалася, канчаткова зьехаў з глуздоў... і ўсё адно быў любімы і самы шанаваны сярод усіх, хто ведае, як ходзіць конь.
Чымсьці ён нагадвае гросмайстра Лужына з набокаўскага раману. У якога таксама быў свой прататып. Фішэр, дарэчы, цалкам мог азнаёміцца з «Luzhin’s Defence», раман выйшаў па-ангельску ў 1964-м — але сумняваюся, што ён чытаў нешта апрача шахматнай літаратуры. Як, зрэшты, і сам Лужын. Геніі не сябруюць паміж сабой. Навошта? Сяброўства — сытуацыя пату. Як і патрыятызм. Як і падпарадкаваньне. Як і ўсё, што не зьмяшчаецца на гэтай праклятай дошцы.