Мастацкая галерэя ў праваслаўным храме

Будынак царквы сьвятога Лукі (Война-Ясянецкага) на тэрыторыі гарадзенскага абласнога шпіталю

Першая мастацкая галерэя ў праваслаўным храме на тэрыторыі Беларусі адчынілася ў Горадні ў царкве сьвятога Лукі (Война-Ясянецкага).
Царква месьціцца на тэрыторыі абласнога шпіталю — гэта таксама адзінкавы выпадак на тэрыторыі Беларусі. Выстава карцінаў вядомых гарадзенскіх мастакоў Аляксандра Сільвановіча, Валянціны Шобы і Юры Якавенкі прысьвечана Калядам.

Настаяцель царквы айцец Аляксандар Хомбак кажа, што нарэшце збылася ягоная даўняя мара — мастацкая галерэя распачала працаваць. Сьвятар называе гэта адной з формаў ягонай пазамісіянэрскай працы. Ідэю стварэньня галерэі ён убачыў у храмах на Захадзе.

Паводле айца Аляксандра, пры іх храме існуе таксама літаратурная гасьцёўня. Вядомыя гарадзенскія літаратары ладзяць тут сустрэчы з вернікамі. Адной з апошніх гасьцей была паэтка Данута Бічэль.

Ня рэдкасьць у храме, паводле сьвятара, канцэрты духоўнай, клясічнай музыкі. У плянах на гэты год таксама выставы, канцэрты, прэзэнтацыі новых пісьменьніцкіх твораў і кінастужак.

У храме праводзяцца малебны на беларускай мове.

Настаяцель гарадзенскай праваслаўнай царквы сьвятога Лукі (Война-Ясянецкага) айцец Аляксандар Хомбак



Прыхажанка царквы разглядае карціны ў царкоўнай галерэі



Дзеля таго, каб мацаваць карціны ў галерэі вернікі набылі адмысловае галяндзкае абсталяваньне, як у прафэсійнай галерэі



Выстава-продаж калядных падарункаў зроблена рукамі прыхажанаў



Акрамя выставы жывапісу ў галерэі адбываецца выстава калядных букетаў