КДБ і Нацбанк заяўляюць аб валютнай правакацыі

КДБ Беларусі праводзіць разьбіральніцтва і выяўляе асоб, датычных да рассылкі смс пра дэвальвацыю нацыянальнай валюты.
4 студзеня многія абанэнты мабільнай сувязі і карыстальнікі сацыяльных сетак атрымалі паведамленьне:

«Ермакова (старшыня Нацбанка Беларусі Надзея Ермакова — рэд.) толькі што падпісала, адправілі па абласных і ў Беларусбанк: з 8 студзеня даляр 14340, эўра — 18116. Тэрмінова здымай грошы і едзь па абменьніках ».

Цэнтар інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Беларусі адрэагаваў на гэта ў той жа дзень увечары:

«Упраўленьнем бясьпекі ў сфэры інфармацыйных тэхналёгій КДБ праводзіцца разьбіральніцтва, выяўляюцца асобы, якія маюць дачыненьне да правакацыйных дзеяньняў».

У КДБ адзначылі, што каля 1 тысячы абанэнтаў мабільнай сувязі ў краіне атрымалі паведамленьні аб тым, што нібыта з 8 студзеня гэтага года курс даляра ЗША складзе 14340 рублёў, курс эўра — 18116. У якасьці першакрыніцы інфармацыі шляхам падмены адрасу рэальнага адпраўніка паказаны тэлефон, які належыць Нацыянальнаму банку Беларусі.

«Папярэдне ўстаноўлена, што рассылкі ажыцьцяўляліся праз сэрвэр, які знаходзіцца на тэрыторыі Індыі. Аб прыналежнасьці злачынцаў да замежнай дзяржавы сьведчыць іх некампэтэнтнасьць, паколькі ў паведамленьнях паказаныя сумы ў нацыянальнай валюце, якія ў Беларусі не знаходзяцца ў абароце — 18 тыс. 116 рублёў», — паведамілі ў КДБ.

На 5 студзеня Нацбанкам Беларусі ўстаноўлены курс даляра ЗША на ўзроўні 8630 рублёў, эўра — 11230.

Нацбанк таксама выступіў з абвяржэньнем:

«Распаўсюджаныя ў сацыяльных сетках фатаздымки СМС-паведамленьняў, нібыта атрыманых ад кантакт-цэнтра Нацыянальнага банка, пра маючым адбыцца 8 студзеня рэзкі рост курсаў даляра і эўра, зьяўляюцца адкрытай правакацыяй і не маюць нічога агульнага з рэчаіснасьцю», — заявіў БелТА начальнік упраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў Нацбанка Аляксандр Цімашэнка:

«Цалкам відавочна, што распаўсюд СМС-качкі зьяўляецца спробай сапсаваць беларусам сьвята, правакуючы іх правесьці выхадныя ў чэргах у пункты абмену валюты».

У 2008 і 2011 гадах у Беларусі была рэзкая дэвальвацыя нацыянальнай валюты, якая з 2008 года ўпала ў кошце ў 4 разы.