Містэр Нелюдзь

...Карацей, Сталіна на нас няма.

А што, праўда: няма?

4 студзеня 1943 году амэрыканскі часопіс «Time» узяў і зноў назваў Сталіна чалавекам году. 1942-га. Зноў — бо ў 1939-м крамлёўскі тыран ужо атрымліваў ад «Time» той пачэсны тытул, якім могуць аднолькава ганарыцца як выбітныя нягоднікі, так і найвялікшыя філянтропы і гуманісты, а таксама машыны (чалавекам-82 стаў звычайны комп). Але на двары пакуль што 43-і, да кібаргаў яшчэ далёка, і einmal ist kein mal, як кажуць цяперашнія ворагі добрага дзядзькі Джо, якім ён акурат задае дыхту пад Stalingrad. Атрымайце і расьпішыцеся, вы, змагары з дыктатурай, вы, дэмакраты і хіраманты, эмігранты-недабіткі, палітычныя прастытуткі і іншая буржуазна-фашыстоўская навалач. Вы ўсе пыл на цыфэрбляце, ваш час мінуў, стрэлку цяпер круцяць у Крамлі. У гэтым сэзоне ў модзе чырвоны колер.

Здаецца, «Time» ніколі і не лічыў сваёй задачай вызначыць найлепшага за мінулы год прадстаўніка шматпакутнай чалавечай пароды, ён шукаў самага ўплывовага й характэрнага, дый наогул, па-ангельску тая намінацыя гучыць больш нэўтральна: The person of the year. Усё гэта так, але як падумаеш, што ад паху чалавечынкі тут так ці інакш нікуды не падзецца, дык неяк «мароз па скуры
Рашэньне часопісу толькі яшчэ раз красамоўна засьведчыла, у якую дупу правалілася чалавецтва ў канцы 30-х-пачатку 40-х.

падзіраець». Такім чынам, паводле «Time», у 1942-м аблічча чалавецтва, уцягнутага ў новую сусьветную вайну, лепш за ўсіх вызначаў «лучшы друх дзяцей» і «геніяльны мовазнаўца», загадчык складу «стальных рук-крылаў» і «палымяных матораў», невысокі пажылы грузін з амаль адсохлай правай рукой, жоўтым, пакрытым восьпінамі тварам, хворы на параною і манію велічы, з запушчанай шызафрэніяй, арганізатар беспрэцэдэнтных па сваіх маштабах тэрору і генацыду ня толькі супраць народаў, гвалтам загнаных у імпэрскі барак, але і супраць саміх расейцаў, якія той барак так старанна пабудавалі; захопнік і мілітарыст, брутальны забойца і руплівы стваральнік такога бессаромнага культу ўласнай асобы, якога сьвет ня бачыў з часоў Старажытнага Рыму. Адным словам, пачвара. Д’ябал. У чырвоным плашчы.

Ці належаў Сталін насамрэч да ліку людзей? Можа, ён быў кібарг? У тым і рэч, што чалавек. І паводле «Time», нават двойчы. Рашэньне часопісу толькі яшчэ раз красамоўна засьведчыла, у якую дупу правалілася чалавецтва ў канцы 30-х-пачатку 40-х. Калі Сталін — чалавек году, то хто тады нелюдзь?

Матывы, якімі кіраваўся рэдактар часопісу, збольшага зразумелыя: містэр Сталін, ён цяпер такі cool, аднаасобна супрацьстаіць навале (мільёны тонаў гарматнага
Вы можаце сабе ўявіць амэрыканскага фэрмэра, які пойдзе ў атаку з крыкам «за Рузвэльта!»?

мяса ня лічацца), сымбаль для ўсяго прагрэсіўнага чалавецтва (і гарматнаму мясу патрэбная этыкетка), ён окэй, ён, у рэшце рэшт, саюзьнік (а саюзьнік, як капрызьлівая какотка, штохвіліны патрабуе знакаў увагі), і наогул, ён такі харызматычны (і ў мясьніка ёсьць харызма, а калі яе добра адцерці, яна нават блішчыць). Рускія зь ягоным іменем на вуснах паміраць ідуць: вы можаце сабе ўявіць амэрыканскага фэрмэра, які пойдзе ў атаку з крыкам «за Рузвэльта!»? Карацей, гэты Сталін — зусім ня меншы душка за Гітлера, якога той самы «Time» назваў чалавекам году ў 1938-м.

Мала каму вядомы на той час Уладзімер Набокаў, назіраючы ўсё гэтае амэрыканскае замілаваньне дзядзькам Джо, напісаў падчас вайны:

Каким бы полотном батальным ни казалась
Советская сусальнейшая Русь,
Какой бы жалостью душа ни наполнялась,
Не поклонюсь, не примирюсь...


І не пакланіўся, і не прымірыўся. У адрозьненьне ад тых, хто яшчэ доўга пляскаў мясьніку, хто, мружачыся і змагаючыся з рабскай сьлязой, прамаўляў з надрывам: культ быў, але ж і асоба была... Для «Time» два нумары сямідзесяцігадовай даўніны са Сталіным на вокладцы — эпізод. «Дзіўна, наколькі хутка пра яго ўсе забылі», — пісаў пра Сталіна Мілаван Джылас усяго празь сем месяцаў пасьля сьмерці правадыра народаў. Шмат у чым паказаўшы незвычайную празoрлівасьць, тут Джылас відавочна пасьпяшаўся. І цяпер людзей, для якіх дзядзька Джо і надалей застаецца чалавекам стагодзьдзя, нямала, і яны прагнуць вяртаньня ідала. Ня дай ім толькі бог у рукі стрэлкі.