У Менскім абласным судзе працягваецца працэс над былым першым намесьнікам старшыні Менгарвыканкаму Ігарам Васільевым, якога абвінавачваюць у хабарніцтве памерам паўмільёна даляраў.
13.00 Перапынак допыту сьведкі да 14 гадзінаў
10.05 Працэс аднавіўся. У суд пад канвоем дастаўлены сьведка Ананьеў Васіль Васільевіч.
У справе фігуруюць два Ананьевы, бацька і сын. Адзін з Ананьевых праходзіць па справе як чалавек, які перадаў хабар Васільеву. Той гэта Ананьеў ці не, пакуль невядома.
Пра сьмецьцеперапрацоўчы завод яму паведаміў яго знаёмы Сяргей Татун, сябра Сьмятаніна, які раней зьехаў у Чэхію. Татун плянаваў пабудаваць такі завод, але ў яго нейкі час не атрымлівалася.
Сьведка згадаў сустрэчу ў гатэлі «Плянэта», на якой прысутнічалі ён, Сьмятанін і Татун. Абмяркоўвалі ідэю пабудаваць з дапамогай чэскай фірмы завод па перапрацоўцы сьмецьця. «Нам Сьмятанін сказаў, што ў яго ёсьць сябра, які дапаможа. На наступнай сустрэчы Сьмятанін сказаў, што ў яго ёсьць чалавек у мэрыі, інвестдамова будзе каштаваць 500 тысяч даляраў».
У сьведкі прагучала слова «хабар». Яго трэба даць чалавеку ў мэрыі за дамову. «Калі Сьмятанін сышоў, мы з Татуном і прадстаўніком з Чэхіі былі ў шоку». Татун сказаў, што лепш перадаць гэтыя грошы дзіцячаму дому ці спартовай камандзе, чым «некайму ўроду». На наступны дзень прыехалі ён, Татун і прадстаўнік чэскай фірмы ў гарвыканкам. «Нас завёў Сьмятанін. Прычым, так вольна зайшлі, што чэх заўважыў, што Сьмятатнін паводзіўся быццам супрацоўнік мэрыі. Пасьля гэтага мы зайшлі ў кабінэт Васільева і там зь ім пазнаёміліся. Размова ішла адразу пра інвэстпраект. Васільеў сказаў, што ўсё зробіць. Абмяркоўвалі аб’ёмы паставак сьмецьця. Чэх разумеў, што дамова бяз тэндэру. Размаўлялі хвілін 10. Выклікаў Лаўнічука. Васільеў сказаў, што далей усе кантакты празь яго. Васільеў напісаў на паперцы суму, якую ён хацеў бы атрымаць. Яго цікавілі толькі грошы, наўрад ці, ён думаў пра інтарэсы дзяржавы. Ён адразу на першай сустрэчы сказаў, што хоча атрымаць свае грошы — 500 тысяч даляраў.»
Татун і прадстаўнік чэскай фірмы сказалі, што будуць плаціць, бо Васільеў сказаў, што калі вы мне не заплаціце, то вы ў Беларусі ўвогуле нідзе працаваць ня будзеце.
Пракурор: Ці агаворваў Сьмятанін сваю частку хабару?
Сьведка пра гэта ня чуў.
Потым Сьмятанін праз інтэрнэт прыслаў паперу чэху і Татуну - калі вы заплаціце грошы, якія патрабуе Васільеў? Пасьля гэтага я са Сьмятаніным не кантактаваў. Я прыйшоў да Васільева і паказаў яму раздрукоўку таго, што паслаў Сьмятанін наконт 500 тысяч. Васільеў пачырванеў. Чэхаў вельмі засмуціла гэтая папера, і пасьля гэтага яны сказалі, што больш са Сьмятаніным працаваць ня будуць. Іх вельмі абурыла тое, што ён дзейнічаў так адкрыта.
Сьведка згадаў прэзэнтацыю праекту ў сьнежні 2010 году і тое, што Васільеў у прысутнасьці яго і Татуна зноў называў суму 500 тысяч даляраў, што гэтыя грошы фірма мусіла заплаціць Васільеву да падпісаньня інвэстдамовы.
Яго гэта абурыла. «Нармальны чалавек за ўсё жыцьцё такія грошы не заробіць, а тут нахабна патрабуе і не хаваецца».
Сьведка прысутнічаў на падпісаньні інвэстдамовы у Менгарвыканкаме. Пасьля гэтай цырымоніі дакладна ў холе Васільеў падышоў да мяне і сказаў, што ён сваю справу зрабіў, калі яму дадуць грошы? Побач стаяў Татун, сказаў сьведка.
Васіль Ананьеў сустракаўся з Васільевым некалькі разоў. «За паўгода некалькі разоў. Ён запрашаў мяне, каб спытаць, калі будуць грошы». Чаму былі замінкі з дамовай? Бо тры разы мяняліся гендырэктары фірмы. Першы дырэктар адмовіўся плаціць грошы. Калі зьяўляліся новыя, заўсёды даводзілася ўносіць зьмены ў дамову і падпісваць розныя новыя дакумэнты. Сьведка гэтым займаўся.
Паводле сьведкі, з боку чэскай фірмы дамову падпісваў Вацлаў (прозьвішча ня памятае), які меў паўнамоцтвы на гэта.
На просьбу пракурора сьведка паведаміў, хто прысутнічаў на той сустрэчы, калі Васільеў напісаў на паперы 500 тысяч і паказаў прысутным. Гэта былі чэх Вацлаў, Татун, я ... Пры гэтым сьведка ня змог сказаць, у які дзень гэта дакладна было.
Сьведка пацьвердзіў, што напісаў заяву на імя старшыні КДБ Зайцава пра сытуацыю з хабарам. "Я быў памежнікам, у мяне баявое раненьне, мяне абурыла тое, што чыноўнік патрабаваў грошы. Я напісаў заяву 19 чэрвеня. На мне было падслухоўвальнае прыстасаваньне. Быў складзены праткол, я падпісаўся. Усё было зроблена афіцыйна. У той дзень я пайшоў да Васільева. Напярэдадні я пазваніў Леўнічуку і дамовіўся пра сустрэчу.
Тады прыехаў у Менск трэці гендырэктар фірмы. Ён ня памятае прозьвішча. Васільеў выказваў прэтэнзіі чэхам і спытаў: «Нашы дамовы засталіся?» Казаў, што, калі вы мне не заплаціце, я закрою дамову. Чэх паказваў яму ў кампутары, як працуе такая тэхналёгія, але Васільева гэта не цікавіла.
Сьведка кажа: 19 чэрвеня Васільеў яму сказаў, што ён мусіць пайсьці ў адпачынак 7 ліпеня і таму да гэтага дня яму трэба перадаць грошы. На гэта я сказаў, што паеду ў Маскву, на рахунку ў чэхаў ёсьць зараз грошы, і прывязу суму, калі ня ўсю, то частку.
Потым была сустрэча 5 ліпеня. У кабінэце Васільева. На мне была апаратура — фота і відэа. У холе Васільеў зноў запатрабаваў грошы, я сказаў, што змагу перадаць 250 тысяч. Я яшчэ спытаў, можа ня варта даваць грошы наяўнымі, можа, на картку ці рахунак перавесьці? На гэта Васільеў сказаў, што ня хоча губляць 10-15% і да таго ж нашы органы добра працуюць, і таму перадайце наяўныя.
6 ліпеня сустрэча была прызначана на 7.30. Выдалі ўсе сродкі відэа і аўдыёзапісу. Усё пад пратакол. Калі я прыйшоў ў мэрыю, мне міліцыянт на ўваходзе сказаў, што я не запісаны. Але тут заходзіць Васільеў і кажа, што ён са мной. У мяне ў руках быў дыплямат з 250 тысячамі даляраў. Яшчэ да ліфта Васільеў сказаў, што яго перасьледуюць спэцслужбы, за ім сочаць, і ён усяго баіцца.
Напэўна, чалавек ня першы хабар бярэ, бо дзьверы былі адчыненыя ў прыёмную і дзьверы ён нават не зачыніў. Я сказаў, што прынёс грошы. Ён адчыніў шафу і сказаў паставіць сюды. Пасьля гэтага ён сказаў, што сваю справу зрабіў. Пасьля Васільеў сказаў, што калі яны будуць будаваць заводы далей, то ён пляцоўкі будзе прадастаўляць. Сьведка згадаў, што калі яны размаўлялі, Васільеў у кабінэце ўключаў нейкую глушылку.
Пракурор просіць зачытаць некаторыя моманты ягоных паказаньняў на сьледзтве, бо маўляў, ёсьць супярэчнасьці.
Судзьдзя пытаецца, чаму сьведка не паведаміў чэскаму боку пра тое, што ён напісаў заяву ў КДБ і што рыхтуецца перадача хабару пад кантролем КДБ.
Сьведка сказаў, што напісаў заяву ў КДБ будучы ў СІЗА пад сьледзтвам. Справа, па якой ён быў затрыманы, ніяк не зьвязана з гэтай крымінальнай справай, заявіў пракурор.
Паводле пратаколу Ананьеў быў затрыманы 11 чэрвеня 2012 году. (гэта за 3 тыдні да перадачы хабару Васільеву).
Судзьдзя: Ці быў ціск на вас, каб вы выступілі супраць Васільева?
Сьведка: Не.
Судзьдзя: А чаму намер паведаміць пра Васільева ў вас узьнік толькі пасьля таго, як вас затрымалі паводле іншай справы?
Васільеў: Гэта была мая ініцыятыва. Мяне абурыла, што прыстойны чалавек знаходзіцца ў вязьніцы, а чыноўнік, які хоча атрымаць столькі грошай хабару, на волі.
Допыт сьведкі пачала адвакат Дабратворская.
Адвакат: Ці тлумачылі вам адказнасьць за падбухторваньне?
Сьведка: Я не займаўся падбухторваньнем. Я грамадзянін Беларусі. Я разумеў, што ідзе праверка і ўсё рабіў добраахвотна. Мне ўзнагароды за гэта не абяцалі.
Зачытваецца заява Ананьева Васіля на імя старшыні КДБ Зайцава
Прагучала, што Сяргей Татун, які дамаўляўся з Васільевым пра завод і паабяцаў перадаць яму 500 тысяч хабару, ёсьць спонсарам Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі.
У заяве Ананьеў у тым ліку прасіў зьмяніць яму меру стрыманьня на падпіску пра нявыезд і паабяцаў аказваць любую дапамогу ў выкрыцьці злачынцаў.
Пратакол допыту сьведкі ад 19 ліпеня 2012 года. Удакладніў, што працаваў вядучым спэцялістам па ідэалёгіі прыватнага прадпрыемства СМУ-200, у якога ёсьць офісы ў Чэрвені і Салогорску. Яны займаюцца ўсталяваньнем мэталічных канструкцый.
Згадвае пра сустрэчу з удзелам Татуна і чэхам Вацлавам ў гатэлі «Беларусь» адносна праекту сьмецьцеперпапрацоўчага заводу па сучаснай тэхналёгіі, якую распацавалі амэрыканцы. Нібыта такія заводы ёсьць ў ЗША і Японіі. Татун папрасіў яго аказваць дапамогу ў рэалізацыі гэтага праекта. Размовы пра ўзнагароду для мяне не было. Я толькі разьлічваў, што пасьля пабудовы завода мяне магчыма возьмуць туды працаваць.
Паводле сьведкі, Татун скардзіўся яму пра бюракратычныя цяжкасьці. Без нейкай пэўнай мэты я расказваў пра пабудову гэтага заводу. Гэтак распавёў і Сьмятаніну пра завод і пра Татуна. Пасьля гэтага ён арганізаваў сустрэчу Сьмятаніна з Татуном, якая праходзіла ў гатэлі «Беларусь».
Ананьеў згадаў словы Сьмятаніна, што ёсьць прэтэндэнты на падобны праект з Менскам у Нямеччыне і іншых краінах. Сьмятанін сказаў, што калі будзе згода на перадачу Васільеву за падпісаньне дамовы 500 тысяч, ён можа хоць заўтра арганізаваць сустрэчу з Васільевым.
Шосты дзень судовага працэсу.
Ігар Васільеў абвінавачваецца ў вымаганьні хабару памерам 500 тысяч даляраў. Чыноўніка затрымалі з доказамі злачынства пры атрыманьні $250 тысяч.
Працэс над былым першым намесьнікам старшыні Ігарам Васільевым пачаўся 20 сьнежня. Лава падсудных, на якой сядзіць Ігар Васільеў, адгароджана ад залі зацемненым шклом і знаходзіцца ў нішы, што перашкаджае публіцы добра бачыць абвінавачанага.
Паводле пракурора, былы чыноўнік браў грошы за станоўчае вырашэньне пытаньняў, якія ўваходзяць у яго службовую кампэтэнцыю, — Васільеў меў грашовы інтарэс, калі дапамагаў чэскай фірме «Эка клін энэрджы АС» у пабудове пад Менскам заводу перапрацоўкі сьмецьця. Ігару Васільеву пагражае пакараньне ад 8 да 15 гадоў зьняволеньня.