Уладзімер Палажанка: «Зьміцер афіцыйна папрасіў у мяне рукі маёй дачкі»

Уладзімер Палажанка

Бацька Насты Палажанкі Ўладзімер Міхайлавіч даведаўся пра зарэгістраваны шлюб сваёй дачкі 26 сьнежня ўвечары, калі Наста вярнулася з Гародні.

Палажанка: Учора Наста прыйшла да мяне з пашпартам і пасьведчаньнем. Але нават, калі Наста цягам дня некалькі разоў званіла мне з Гародні, і такім узьнёслым голасам, я зразумеў, што нешта адбылося. Але тое, што Наста гэтым займаецца, я ўжо ведаў даўно. Я бачыў, як яна мітусіцца з дакумэнтамі, бегае, рыхтуецца. Я бачыў, што там шмат перашкодаў, кіраўніцтва калёніі не пагаджаецца, і імкнуўся яе падтрымліваць, але асабліва не ўздымаў гэтую тэму. .

І ўчора ўвечары, калі Наста паказала мне дакумэнты, яна падкрэсьліла, што гэта толькі сьвецкая працэдура, а потым будзе вянчаньне, і толькі пасьля гэтага мы станем мужам і жонкай.

Цыганкоў: Напэўна, у такі дзень у вас зьмешаныя пачуцьці. Якое зь іх пераважае?

Палажанка: Магчыма, 50 на 50. У Насты мой характар. Вядома, калі яна мне ўчора сказала, я спачатку ня ведаў, ці радавацца ці сумаваць..Але потым я паглядзеў у вочы сваёй дачкі, і зразумеў, што трэба падтрымаць сваё дзіця. Усяму свой час, яны зрабілі правільна. Потым Зьміцер выйдзе на волю, і мы зробім усё, як у людзей.

Цыганкоў: Калі Наста і Зьміцер вырашылі ажаніцца?

Палажанка: Яшчэ ў 2010 годзе ў іх сфармаваліся ўстойлівыя адносіны. Зьміцер часта быў у нас дома, Наста бывала ў кватэры, якую ён здымаў. Пасьля 19 сьнежня іхнія адносіны толькі ўмацаваліся.

Цыганкоў: Як тата, вы ўхваляеце выбар сваёй дачкі?

Палажанка: Вядома! Зьміцер афіцыйна напісаў мне ліст, у якім прасіў рукі маёй дачкі. Мне гэты момант вельмі спадабаўся, бо ня ўсе сярод сучаснай моладзі прытрымліваюцца традыцыяў. Я даў дабро, і напісаў яму, што Наста — гэта самая вялікая каштоўнасьць, якая ў мяне ёсьць. Зьміцер паабяцаў, што ўсё будзе добра, што яны з Настай будуць жыць доўга і шчасьліва.