У беларускіх вернікаў — вігілія Божага нараджэньня

Вігілія божага нараджэньня ў парафіі Маці Божай Ружанцовай у Менску

Сёньня ў беларускіх каталікоў, уніятаў і пратэстантаў — пярэдадзень Божага нараджэньня.
Позна ўвечары ва ўсіх храмах распачаліся пастэркі — адмысловыя малітвы напярэдадні свята.

Сьвята Божага Нараджэньня ў хрысьціянаў — адно з найвялікшых і рыхтуюцца да яго адпаведна: храмы ўпрыгожваюць ялінкамі, пры кожным алтары паўстаюць ясьлі з нованароджаным Хрыстом. Каталіцкая парафія Маці Божай Ружанцовай у Менску ў гэтым пераліку — не выключэньне.

Гутару з людзьмі:

Your browser doesn’t support HTML5

Вігілія Божага нараджэньня ў Менску



Спадарыня: «У нас можна сказаць — апошнія хвіліны падрыхтоўкі да сьвята — заканчваем прыбіраць яліку, гірлянды павесілі, таксама рыхтуем дэкарацыю з кветак, стаенку — словам усё, каб адчувалася ўся урачыстасьць і веліч гэтага дня».

Карэспандэнтка: «А дома як рыхтуецеся?»

Спадарыня: «Таксама прыбіраем у хаце, на вігілійны стол будуць галушкі з макам, іншыя стравы, але галоўнае — аплатка на сене».

Спадарыня: «Як я рыхтуюся? Стараюся рабіць больш добрых спраў, асабліва для людзей самотных, якія ў патрэбе, каб і яны адчулі гэтае сьвята набліжэньня Пана Езуса».


Адначасна вернікі заяўляюць, што галоўны клопат перад сьвятам Нараджэньня Хрыстовага — не матэрыяльная, а духоўная падрыхтоўка. А таму імкнуцца да споведзі, некаторыя трымаюць хрост, рыхтуюць на стол 12 посных страваў. Працягваю гаворку з людзьмі:

Юначка: «Рыхтуюся найперш душою, каб ня толькі пра стол думаць, а каб не спазьніцца на Імшу, каб больш маліцца ў гэты час».

Юначка: «Для мяне гэта асаблівае сьвята Нараджэньня Хрыстовага, бо я сёлета ўпершыню прымаю хрост. Таму вельмі ўрачыстае і важнае для мяне сёлета сьвята».

Юнак: «Самае галоўнае — каб мая душа была гатовая, а гэта — споведзь. Галоўнае, каб уся гэтая мітусьня не перакрыла духоўнага чаканьня Нараджэння Езуса».





Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч — мітрапаліт Мінска-Магілёўскі падчас сьвята Нараджэньня Хрыстовага праводзіць шэраг сустрэч з прадстаўнікамі грамадзкасьці: навукоўцамі, мэдыкамі, журналістамі. Да ўсіх вернікаў ён таксама зьвярнуўся з адмысловым віншаваньнем:

«Паэты кажуць, што Божае нараджэньне — гэта пацалунак неба з зямлёй. Праз пацалунак чалавек выказвае свае пачуцьці да іншага чалавека. У нараджэньні Езуса Бог выказаў да чалавека свае пачуцьці да канца — пачуцьці бязьмежнай любові. Сёньня мы ставім у сваіх дамах ёлкі, ідзём да касьцёла, сузіраем дзіцятка Езуса і бачым як гэтая Божая моц праявілася ў гэтым малым дзіцяці. Таму ўзрадуемся, дарагія браты і сёстры, і падзякуем Богу што можам сёньня свабодна адзначаць гэтае сьвята. Радасных, вясёлых і шчасьлівых вам сьвятаў Божага нараджэньня».