Кім працуюць былыя старшыні КДБ?

20 сьнежня ў Беларусі адзначаецца дзень супрацоўніка органаў дзяржаўнай бясьпекі. У Беларусі з пачатку стагодзьдзя зьмянілася 5 старшыняў КДБ. Чаму гэтак часта мяняюцца кіраўнікі галоўнай спэцслужбы і куды яны ідуць працаваць пасьля адстаўкі?
Цяпер КДБ ўзначальвае Валеры Вакульчык — былы шараговы супрацоўнік КДБ, які зрабіў пасьпяховую і хуткую кар’еру: узначальваў спачатку Апэратыўна-аналітычны цэнтар, а потым новаствораны Сьледчы камітэт. Да Валера Вакульчыка старшынём КДБ быў былы памежнік Вадзім Зайцаў, а ягоны папярэднік Юры Жадобін паводле вайсковай спэцыяльнасьці танкіст. Перад ім КДБ кіравалі прафэсіяналы з рознай спэцыялізацыяй: Сьцяпан Сухарэнка лічыўся дасьведчаным у змаганьні з карупцыяй, Леанід Ерын пачынаў «чэкісцкі» шлях опэрупаўнаважаным на транспарце, а Ўладзімер Мацкевіч, адмысловец ў зьнешняй выведцы, прыйшоў у КДБ з камсамольскай працы. Дзе цяпер гэтыя людзі? Што стала галоўным у іх прафэсійным лёсе пасьля адстаўкі з пасады старшыні КДБ?

Уладзімер Мацкевіч, фота «Народнай волі»

У размовах пра Ўладзімера Мацкевіча назіральнікі згадваюць ягоныя паводзіны ў гісторыі з расьсьледаваньнем гучных зьнікненьняў. Вядома, што гэта Мацкевіч разам з былым генпракурорам Алегам Бажэлкам санкцыянаваў затрыманьне Дзьмітрыя Паўлічэнкі, якога падазравалі ў выкраданьні былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, а таксама Віктара Ганчара і бізнэсоўцы Анатоля Красоўскага. Пасьля зьмяшчэньня Паўлічэнкі ў турму КДБ Мацкевіч і Бажэлка прыйшлі да Аляксандра Лукашэнкі з прапановай арыштаваць тагачаснага сакратара Рады бясьпекі Віктара Шэймана як магчымага замоўцу палітычных зьнікненьняў, але замест гэтага апынуліся самі ў адстаўцы. Алег Бажэлка ўвогуле больш не вярнуўся на дзяржаўную працу, а вось Уладзімер Мацкевіч бяз справы прабыў нядоўга. Ужо ў сакавіку 2001 году ён атрымаў агрыман на пасаду пасла Беларусі ў Югаславіі і зьехаў у Бялград. Пабыўшы паслом у краіне, якая неўзабаве зьнікла з мапы сьвету, Мацкевіч зьехаў на працу ў Расею. Як сьцьвярджае аглядальнік Раман Якаўлеўскі, у Беларусь Мацкевіч вярнуўся ў якасьці прадстаўніка моцнай расейскай структуры «Северфлот». Яшчэ няшмат часу таму спадара Мацкевіча бачылі ў прадстаўніцтве гэтай арганізацыі на вуліцы Веры Харужай, але ці працуе ён у Менску і цяпер — невядома.

Чаму найчасьцей былыя адстаўнікі з КДБ едуць працаваць у Расею? Аглядальнік Раман Якаўлеўскі мяркуе, што прычына ў чэкісцкай карпарацыі, якая ня зьнікла і пасьля развалу СССР:

«Усе застаюцца сябрамі ордэну мечаносцаў — умоўна кажучы. Гэтыя сувязі ніколі не разрываліся. А наколькі дзейнасьць некаторых адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі, гэта застаецца пытаньнем».

Паводле зьвестак з інтэрнэту, былы старшыня КДБ Уладзімер Мацкевіч у 2008 годзе перанёс цяжкую апэрацыю ў Нямеччыне.


Леанід Ерын

Пасьля скандалу з адстаўкай Мацкевіча і Бажэлкі Аляксандар Лукашэнка паставіў на чале КДБ былога кіраўніка сваёй службы бясьпекі Леаніда Ерына, які пратрымаўся на гэтай пасадзе больш як хто — амаль 5 гадоў. Палітвязень Павал Севярынец у 2004 годзе размаўляў зь Леанідам Ерыным у прысутнасьці ягоных намесьнікаў і журналістаў. Старшыня КДБ запрасіў апазыцыянэра на размову ў будынак КДБ проста з вуліцы падчас акцыі пратэсту супраць рэфэрэндуму, які адкрываў Лукашэнку шлях да трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну. Севярынец згадвае свае ўражаньні: не было баімства, што з КДБ ён выйдзе ня хутка; размова, якая ішла паміж імі, была сапраўдным дыялёгам. Ерын, мяркуе Севярынец, ужо чакаў сваёй адстаўкі і хацеў паказаць сабе як чалавека, здольнага на самастойныя ўчынкі. Пытаюся ў цяперашняга «хіміка» Севярынца, чаму гэтак часта мяняюцца старшыні КДБ?

Севярынец: «Рэжым пабойваецца спэцслужбаў, як любы рэжым, які пабойваецца сілавікоў. Любую гісторыю, пачынаючы зь Бібліі й сканчаючы Макіявэлі, чытайце і ўбачыце, што ў большасьці выпадкаў адтуль прыходзіў чалавек, які рабіў вырашальны крок у руйнаваньні рэжыму. Таму правяраюць, праводзяць ратацыі».

Яшчэ ў канцы 2005 году стала вядома, што Леанід Ерын уладкаваўся памочнікам Уладзімера Якуніна — кіраўніка расейскай чыгункі. Гэтую інфармацыю тады пацьвердзілі ў кіраўніцтве галоўнай чыгуначнай установы Расеі. Зьвестак пра зьмену працы Ерыным не было.


Сьцяпан Сухарэнка

На наступныя два гады старшынём КДБ Беларусі стаў Сьцяпан Сухарэнка. Гэты начальнік галоўнай спэцслужбы запомніўся беларусам сэнсацыёнай інфармацыяй напярададні прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году пра тое, што апазыцыянэры рыхтуюцца атруціць дохлымі пацукамі водаправод. Зьвесткі Сухарэнкі пасьля выбараў не пацьвердзіліся. У адстаўцы Сьцяпан Сухарэнка прабыў параўнальна нядоўга і адправіўся паслом у Арменію, дзе працуе і цяпер. Нядаўна афіцыйныя мэдыі цытавалі камэнтар пасла Сухарэнкі адносна заяў Грузіі пра невяртаньне ў СНД. Тон гэтага камэнтара нагадаў назіральнікам былыя выступы Сьцяпана Сухарэнкі як старшыні КДБ.

Юры Жадобін

Бадай што самым незаўважным кіраўніком КДБ называюць аглядальнікі вайсковага генэрала Юрыя Жадобіна, які ўзначальваў сакрэтную ўстанову ўсяго год — зь ліпеня 2007 да ліпеня 2008 году. Канцом кіраваньня Жадобіна назіральнікі называюць выбух бомбы на Дні Рэспублікі ў ліпені 2008 году, дзе мог пацярпець і Аляксандр Лукашэнка. Праз 10 дзён пасьля гэтага інцыдэнту быў адпраўлены ў адстаўку сакратар Рады бясьпекі Віктар Шэйман, а Юры Жадобін заняў ягонае месца. Цяпер Жадобін працуе міністрам абароны.

Вадзім Зайцаў

У 2008 годзе зьмяніў Жадобіна на пасадзе кіраўніка КДБ былы намесьнік начальніка Беларускага памежнага камітэту Вадзім Зайцаў. Гэта яго Лукашэнка адправіў у адстаўку зусім нядаўна — у пачатку лістапада. Менавіта пры Вадзіму Зайцаву ў турме КДБ трымалі і, паводле расказаў палітвязьняў, катавалі ўдзельнікаў мітынгу пратэсту супраць фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Але Зайцаў ня толькі кіраваў, але і сам браў удзел у сьледчых дзеяньнях. Адзін з арыштаваных кандыдатаў на прэзыдэнта, Андрэй Саньнікаў, калі выйшаў на волю, згадваў, што яго дапытваў Вадзім Зайцаў і, паводле Саньнікава, выказваў пэўныя пагрозы яму і ягонай сям’і. Жонка апазыцыянэра журналістка Ірына Халіп не захацела варушыць балючыя для яе ўспаміны пра турму КДБ. А згадала пра тое, як адгукаліся пра Зайцава супрацоўнікі КДБ, якія ахоўвалі яе падчас «хатняга арышту»:

«Зайцаў забараніў ім езьдзіць у адпачынак у тую ж Турцыю ці Эгіпэт. Казаў ім, што адносна іх там могуць быць правакацыі. Скардзіліся, што ня могуць адвезьці туды дзяцей пагрэцца на сонцы, а жонку адну адпускаць нельга, бо ёй цяжка. І спадзяваліся, што, можа, калі-небудзь да іх прыйдзе нарэшце нармальны начальнік. На што я ім казала, што не, хлопцы, пры гэтым рэжыме нармальнага начальніка вам не дачакацца. І, мяркуючы па іх тварах, яны з гэтым пагаджаліся».

Вадзім Зайцаў быў зьняты пасьля скандалу з заўчаснай сьмерцю палкоўніка КДБ Аляксандра Казака, якую кіраўніцтва КДБ спрабавала замаўчаць. Новай пасады былы старшыня КДБ яшчэ не атрымаў.

Чаму чалавек, які выявіў сябе здольным змагаром з апазыцыяй, быў хутка заменены? Палітоляг Юры Чавусаў мяркуе, што новы кіраўнік КДБ Валер Вакульчык мае задачу дастаткова адрозную ад той, якая стаяла перад ягоным папярэднікам:

«Доўга на штыках не прасядзіш. Такая палітыка беспасярэдне пагражала ўстойлівасьці самога палітычнага рэжыму аднаасобнай улады Аляксандра Лукашэнкі. Цяпер эканамічны складнік рэжыму робіцца супрацьвагай сілавікам, якая неабходная Лукашэнку, каб захоўваць функцыю вярхоўнага арбітра. І перавод Вакульчыка ў КДБ азначаў перавод гэтай установы з рэжыму надзвычайнай працы да рэжыму працы важкай, істотнай, але ўвязанай у сыстэму стрымак і супрацьвагаў у межах атачэньня Лукашэнкі».