У другую гадавіну акцыяў пратэсту ў Менску супроць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў літаратары Швэцыі вырашылі зладзіць імпрэзу салідарнасьці зь беларусамі. 19 сьнежня ў сталіцы краіны пройдзе літаратурны маратон у падтрымку свабоды слова і творчасьці ў Беларусі.
Апоўдні на адным з пляцаў Стакгольму пачнуць гучаць творы беларускіх пісьменьнікаў па-швэдзку. Былы амбасадар паўночнае суседкі ў Беларусі Стэфан Эрыксан прачытае Ўладзімера Някляева, журналістка і фатограф Марыя Сёдэрбэрг — Васіля Быкава, літаратары Ён Фрыдхольм і Чэрстын Лундбэрг — Андрэя Хадановіча і Вальжыны Морт. У акцыі возьмуць ўдзел таксама Дзьмітры Плакс — беларускі пісьменьнік і перакладчык, які жыве ў Стакгольме, ды іншыя швэдзкія творцы. Імпрэза будзе доўжыцца да апоўначы.
Сёлетні маратон салідарнасьці — ужо другі. Летась у падобнай акцыі ўдзельнічалі старшыня Шведзкага ПЭН-цэнтру Ула Ларсму, пісьменьніца Астрыд Тротцыг, старшыня праўленьня Дзяржаўнай Рады Культуры Чэрстын Брунбэрг, паэт Крыстафэр Леандоэр, міністар культуры Лена Адэльсан Лільерут, перакладчык Андэрс Будэгорд і многія іншыя.