Усіх міліцыянтаў і судьдзяў «плошчы» назвалі пайменна

Іх прозьвішчы, а таксама падрабязнасьці адміністратыўных арыштаў і судовых працэсаў, якія адбыліся ў выніку падзеяў 19 сьнежня 2010 году сабраў у грунтоўных даследаваньнях Цэнтар прававой трансфармацыі.
Выданьні цэнтру: «Адміністратыўныя затрыманьні і судовыя працэсы. Аналіз правапрымяняльнай практыкі» і «Пасьлямова… Плошча-2010 вачыма беларускіх праваабаронцаў» — зьмешчаныя на адным дыску. На ім 350 гадзінаў аўдыёзапісу ўсіх чатырнаццаці крымінальных працэсаў над асуджанымі. Апроч таго — тысячы старонак дакумэнтаў па адміністратыўных справах.

«Мы апыталі 350 чалавек з 780 затрыманых падчас Плошчы», — кажа кіраўнік цэнтру Алена Танкачова, — Па судах расшыфравалі ўсе «эээ», «ааа» — усё да апошняга слова. Даслоўна прывялі ўсе «спрэчкі» бакоў".

«Прадстаўнікі нашай праваахоўнай сыстэмы вельмі нэрвова ставяцца да любога апублічваньня інфармацыі пра свае незаконныя дзеяньні, — кажа жонка палітвязьня Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч. Яна таксама прымала ўдзел у падрыхтоўцы выданьня: «Мой унёсак вельмі сьціплы. Я займалася зборам, пошукам, тэхнічнай апрацоўкай інфармацыі. Гэта жывое сьведчаньне гісторыі, зробленае на цудоўным мэтадалягічным узроўні. Я ўпэўненая, што раней ці пазьней усе гэтыя справы будуць перагледжаныя, а людзі рэабілітаваныя. А падмурак для гэтага ўжо гатовы».

Зь ёю згодная юрыстка Дар’я Каткоўская, таксама адна з аўтарак кнігі: «Гэтыя матэрыялы маюць важнае юрыдычнае значэньне. Я ня ведаю, ці будуць бязьвінна асуджаныя рэабілітаваныя і калі, але ўсе падставы для гэтага ёсьць, яны сабраныя ў гэтых кнігах».

У кнізе багата візуалізаванай інфармацыі. На ілюстрацыі — мапа затрыманьняў пасьля Плошчы


Алена Танкачова адзначае масавыя парушэньні заканадаўства пры правядзеньні сьледчых і судовых дзеяньняў па выніках падзеяў Плошчы. Сярод іх — пранікненьне ў афіцыйныя СМІ апэратыўна-сьледчых дадзеных. Такіх, як, напрыклад, відэа з Алесем Міхалевічам. Казалі праваабронцы і пра ціск на адвакатаў, якія падчас тых падзеяў былі адзіным спосабам атрыманьня інфармацыі пра фізычны і псыхалягічны стан падсудных.

Алена Танкачова: «Мы перакананыя, што самі абставіны падзеяў 19 сьнежня не былі даследаваныя аніводным крымінальным судом — ці быў факт масавых беспарадкаў на плошчы. Бяз гэтага немагчыма нікога было прыцягваць да адказнасьці. І дасёньня гэта ня зроблена».

Гэты факт і стане ў будучыні нагодай для перагляду спраў палітвязьняў, лічыць Алена Танкачова:

«Дагэтуль незаконна ў турме знаходзяцца Мікалай Статкевіч, Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў. Павал Севярынец абмежаваны ў волі. І гэта вынік палітызацыі судовай сыстэмы, якая пасьля 19 сьнежня абслугоўвала інтарэсы ўлады, а не ажыцьцяўляла правасудьдзе».


Пачытаць кнігу можна тут