Дэпардзьё адмовіўся ад францускага пашпарту

Жэрар Дэпардзьё заяўляе, што адмаўляецца ад францускага пашпарту і сацыяльнага страхаваньня. Акцёр, які раней пераехаў у Бэльгію, каб пазьбегнуць выплаты ўведзенага ў Францыі падатку на раскошу, пакрыўдзіўся на заяву францускага прэм’ера.

Пра тое, што Дэпардзьё купіў дом у Бэльгіі, стала вядома на пачатку сьнежня. Францускі прэм’ер Жан-Марк Эйро тады публічна зьвязаў пераезд актора ў суседнюю краіну зь яго нібыта нежаданьнем плаціць падатак на раскошу (які з 2013 года для французаў, чыё заробкі перавышаюць 1,3 мільёна эўра, складзе 75%).


У адкрытым лісце Дэпардзьё адзначыў, што заўсёды плаціў падаткі і ніколі не карыстаўся сацыяльнымі прывілеямі. У канцы ён напісаў, што адмаўляецца ад францускага грамадзянства.


«Я аддаю вам свой пашпарт і нумар сацыяльнага страхаваньня, якім ніколі не карыстаўся. У нас больш няма агульнай радзімы. Я — сапраўдны эўрапеец, грамадзянін сьвету, як мяне заўсёды вучыў мой бацька », - напісаў Жэрар Дэпардзьё ў адказ на заяву Эйро.


Раней у Бэльгію ўжо пераехаў шэраг заможных французаў, сярод якіх у прыватнасці — і самы багаты чалавек Францыі Бернар Арно.