Гомельшчына: «Сьвечачку запалілі — і абыходзімся без электрычнасьці»

Моцныя сьнегапады спаралізавалі сыстэму энэргазабесьпячэньня ў васьмі раёнах Гомельскай вобласьці.
У Мазырскіх электрасетках, якія абслугоўваюць ня толькі мясцовыя электралініі, але й лініі Ельскага, Жыткавіцкага, Калінкавіцкага, Нараўлянскага, Лельчыцкага, Петрыкаўскага раёнаў, паведамілі:

«Паводле стану на 13 гадзін абясточаныя 133 населеныя пункты ў сямі раёнах, а таксама 18 жывёлагадоўчых фэрмаў. Адключаныя 43 лініі магутнасьцю 10 кілявольт. Пад цяжарам сьнегу ламаюцца дрэвы, падаюць на правады — і лініі адключаюцца з абрывамі правадоў. Працуе на аднаўленьні 61 брыгада й 80 адзінак тэхнікі».

Адсутнасьць электраэнэргіі перапыніла працу сыстэмы водазабесьпячэньня — спачатку ў Жыткавічах, а 12 сьнежня — і ў 100-тысячным Мазыры.

Жыхар Мазыра Ўладзімер: «Тут цырк быў, „канец сьвету“. Ну, а як жа — няма вады! У крамах пітную ваду раскупілі. Сьнег награвалі, пачалі сьнег насіць. Вёдрамі, тазікамі — усе насілі. Грэлі, каб у прыбіральні змываць. Іншага выйсьця не было. Ня будзеш жа мінэральную ваду ў прыбіральню ліць».

Уначы цэнтралізаваную падачу вады гараджанам Мазыра аднавілі. Аднак сёньня нястачу вады пачаў адчуваць нафтаперапрацоўчы завод. На прадпрыемстве загаварылі пра неабходнасьць эканоміі й нават пра магчымае зьніжэньне аб’ёмаў вытворчасьці. У цэхах выключылі фантанчыкі пітной вады. Але блізу 15 гадзіны дырэкцыя заводу запэўніла калектыў, што з падачай вады праблемаў няма.

У вёсцы Лучажэвічы, дзе, дарэчы, разьмешчаны гарадзкі водазабор, у хатах вяскоўцаў электрасьвятла няма ўжо двое сутак.

Пэнсіянэрка Валянціна кажа, што прызвычайваецца:

«Сьвечачку запалілі — і абыходзімся. Гэта ж не канец ужо сьвету. Ці мала якія надзвычайныя сытуацыі. Вада, дзякуй Богу, ёсьць, хоць нас папярэдзілі: набірайце ваду. Я дзьве бочачкі набрала на ўсялякі выпадак. Думаю: ці мала што? Калі папярэдзілі, значыць, у іх былі на гэта падставы».

Усяго ў Мазырскім раёне безь сьвятла застаюцца 60 паселішчаў. За апошнія суткі ў сувязі з моцным сьнегападам адключылася падача электраэнэргіі ў 72 населеныя пункты ў Акцябрскім раёне. Няма сьвятла ў 17 школах рэгіёну.

Пад цяжарам сьнегу абваліліся дахі чатырох жывёлагадоўчых памяшканьняў у экспэрымэнтальнай базе «Стралічава» Хойніцкага раёну.

А ў Калінкавіцкім раёне ў вёсцы Рудня Гарбавіцкая выратавальнікі вызвалялі са сьнежнага палону аўтамашыну хуткай мэдычнай дапамогі, якая везла цяжка хворую жанчыну й загрузла ў сумёце.