Сьнегапад: мабілізацыя ў дзяржаўных установах

Камунальныя і дарожныя службы працягваюць змагацца са сьнегападам: прыбіраць сьнег выпраўляюць увесь штат супрацоўнікаў, а таксама жыхароў прыватнага сэктару. Людзі заяўляюць пра непадрыхтаванасьць гораду да зімы.
У Дзяржаўтаінспэкцыі Менску паведамляюць, што сьнегапады не паўплывалі на статыстыку дарожных здарэньняў: колькасьць аварыяў па-ранейшаму вагаецца ў межах 150 выпадкаў за суткі. Міліцэйскае кіраўніцтва збольшага задаволенае і чысьцінёй дарог, паведаміла супрацоўніца службы Юлія Галубоўская:

«Праводзіцца маніторынг вулічна-дарожнай сеткі ў пытаньні прыбіраньня сьнегу камунальнымі і дарожнымі службамі. І, як агучыў сёньня на нарадзе начальнік, у прынцыпе стан здавальняльны на некаторых вуліцах. Гэта значыць, што там, дзе ён быў, ён задаволены станам прыбіраньня. Але што тычыцца ўсяго гораду, то я не магу вам сказаць».

Кіроўцы аўтамабіляў, аднак, не падзяляюць задаволенасьці чыноўнікаў і заяўляюць пра складаныя ўмовы гарадзкіх дарог. Адзін з кіроўцаў цяперашнюю сытуацыю бачыць гэтак:

Кіроўца: «Дарогі жахлівыя. Чаму дарожныя службы ноччу не працуюць? Калі людзі на працу не маглі выехаць, яны тады пасыпалі — зараз усё раскісла — і што толку? Гэта трэба было ноччу, да раніцы рабіць, да сёмай ранку. І задзейнічаць дарожную службу, каб да шостай-восьмай гадзіны ранку дарогі пасьпелі ачысьціцца. Вы б паглядзелі, што тут а сёмай ранку тварылася, калі я ехаў».

Карэспандэнтка: «І што?»

Кіроўца: «Ну і што — стаіш на месцы, ні зрушыцца, ні спыніцца. Мінакі пад колы лезуць, ня думаючы, што на такой сьлізкай дарозе машыну спыніць нельга. Я разумею, што камунальнікам плаціць трэба за працу, але трэба ж і пра іншых думаць. Вунь грамадзкі транспарт — б’ецца на прыпынках — дык трэба ж думаць. Словам, езьдзіць вельмі цяжка, вельмі».



Кіраўнік прадпрыемства «Рэмаўтадар» Дзяніс Глінскі, які адказвае за чысьціню вуліц, тым часам ацэньвае працу сваёй службы на восем балаў:

Глінскі: «Калі па дзесяцібальнай шкале, то дзесьці на васьмёрку працуем».

Карэспандэнтка: «Чаму не на дзясятку?»

Глінскі: «Вельмі шмат сьнегу. Вы ведаеце, мы круглыя суткі працуем: дзесьці 500 чалавек і каля 700 адзінак тэхнікі. Працуем, працуем».

Камунальныя і іншыя дзяржаўныя ўстановы ў гэтыя дні вывелі грэбці сьнег усіх сваіх супрацоўнікаў незалежна ад іх прафэсійных абавязкаў. Пра гэта кажуць працаўнікі ЖЭСаў і нават мэтро:

Карэспандэнтка: «Вы прыбіраеце сьнег як супрацоўнік ЖЭСу?»

Спадар: «Так, шмат сьнегу, шмат працы. Але я не па спэцыяльнасьці працую, дапамагаю толькі».

Карэспандэнтка: «А якая ваша спэцыяльнасьць — начальнік ЖЭСу?»

Спадар: «Так, начальнік ЖЭСу. Шмат працы — што рабіць?»

Карэспандэнтка: «Вы сьнег выносіце з мэтро?»

Юнак: «Так, з мэтро. З вэстыбюля станцыі мэтро «Парк Чалюскінцаў».

Карэспандэнтка: «Вы самі хто, студэнты?»

Юнак: «Не, мы працуем у сыстэме менскага мэтрапалітэну ў электразабесьпячэньні. Папрасілі дапамагчы прыбраць сьнег: мала людзей, каб працаваць прыбіральшчыкамі, вось і просяць электрыкаў, іншыя службы, каб дапамагалі».

Юнак: «Усе службы менскага мэтрапалітэну задзейнічаныя на прыбіраньні сьнегу, бо надвор’е бачыце якое — трэба дапамагаць, калі просяць».



Мінакі тым часам заяўляюць, што горад да зімы, як заўсёды, не падрыхтаваны. Сьнег мусяць прыбіраць і самі жыхары. Гаворыць спадарыня Валерыя:

Карэспандэнтка: «Як ходзіцца і езьдзіцца такім надвор’ем? Ці задаволеныя, як прыбіраецца горад?»

Валерыя: «Цяжкавата, вядома, хадзіць. І тое, як па тэлебачаньні сказалі, што на „прарыў“ сьнегападу выйшлі ўсе 289 машын, то гэта, вядома, уражвае. На такі вялізарны горад, на такую плошчу аж 289 машын — ну, гэта цудоўна, гэта проста ўражвае. Уражвае таксама, што, як заўсёды, не гатовыя, не зважаючы на тое, што сьнежань — якраз разгар зімы. Чыста і прыбрана ў раёне вуліц Карла Маркса, Энгельса — там нават не адчуваецца зімы, бо сьнег вывозіцца. Я працую ў цэнтры гораду і гэта бачу. А жыву я ў прыватным сэктары, і ў нас там зусім праблема. Мала таго, што мы прыбіраем прылеглую тэрыторыю, мы павінныя яшчэ прыбіраць і кавалак праезнай часткі. Прыватнікаў у нас ніколі не любілі і ня любяць дагэтуль. Таму ўладальнікі прыватных дамоў — гэта для іх як адпрацоўка нейкай павіннасьці. Не разумею чаму, бо я плачу і падаткі, і за камунальныя паслугі плачу — за ўсё плачу. Тым ня менш — сама штодня з шуфлем у руках. Цяжка, пэўна, у гэта паверыць, калі глядзець на мяне, але так ёсьць».

Тым часам сыноптыкі прагназуюць, што сьнегапад працягнецца і бліжэйшымі днямі.