Аляксей Янукевіч ня верыць у Расею як донара дэмакратыі

Аляксей Янукевіч

Кіраўнік партыі БНФ Аляксей Янукевіч пракамэнтаваў заяву прэзыдэнта РФ Уладзімера Пуціна пра тое, што «ў Расеі няма іншага шляху, акрамя дэмакратыі».
«Перадусім хачу зазначыць, што абсалютна няма ніякай веры Ўладзімеру Пуціну, калі ён гаворыць пра дэмакратыю. Увесь час ягонага кіраваньня краінай на пасадзе прэзыдэнта і прэм’ер-міністра адбываецца згортваньне поля для дэмакратычных нормаў і магчымасьцяў. Апошнія некалькі месяцаў мы бачым увогуле вельмі жорсткае абмежаваньне свабодаў у Расеі. Таму зусім, абсалютна нельга верыць Пуціну, калі ён гаворыць пра дэмакратыю. Насамрэч адбываюцца супрацьлеглыя працэсы.

І, адпаведна, цалкам відавочна, што Расея не зьяўляецца і ў бачнай будучыні ня будзе нейкім донарам дэмакратыі ў нашым рэгіёне ці, як некаторыя кажуць, на постсавецкай прасторы. Наадварот, Расея пад кіраўніцтвам Уладзімера Пуціна ўяўляе сабой вельмі яскравы прыклад згортваньня дэмакратычных свабодаў і няўхільнага вяртаньня да аўтарытарнай і моцна цэнтралізаванай улады».