Лукашэнка: плюшавы дэсант — гэта блазенства

Аляксандар Лукашэнка назваў «блазенствам» інцыдэнт зь несанкцыянаваным палётам над Беларусьсю швэдзкага лёгкаматорнага самалёта, паведамляе Інтэрфакс.

«Гэта ж блазенства. Нельга так рабіць», — заявіў Лукашэнка, сустракаючыся з членамі Клюбу галоўных рэдактараў краін СНД, Балтыі і Грузіі ў аўторак у Менску.

Ён адзначыў, што гэты самалёт пракраўся ў паветраную прастору Беларусі з тэрыторыі Літвы і дадаў, што «гэта ж літоўцы дазволілі, ён уляцеў зь літоўскага аэрадрома».

«Навошта Літве пасылаць сюды швэдзкі самалёт, каб скінуць нейкіх плюшавых мядзьведзікаў? А калі б шарахнулі, што б тады ад гэтага самалёта засталося?»

Даведка «Свабоды». Мядзьвежы дэсант


Аднаматорны самалёт з швэдзкім экіпажам і грузам плюшавых медзьведзянят на борце перасек паветраную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня. Прыкладна паўтары гадзіны ён правёў у паветранай прасторы краіны. За гэты час ён скінуў над Івянцом і ўскраінай Менску больш за 800 цацак з надпісамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.

З самага пачатку вайскоўцы і памежнікі катэгарычна абвяргалі факт незаконнага перасячэньня мяжы.

Гісторыя з «плюшавым дэсантам» атрымала шырокі грамадзкі розгалас і дала падставу сумнявацца ў боегатовасьці ня толькі беларускіх сродкаў СПА. Была створаная камісія прэзыдэнта, якая занялася праверкай усіх злучэньняў і вайсковых частак Ваенна-паветраных сілаў і Войскаў паветранай абароны Беларусі.

Рэха мядзьведжых бамбардзіровак


31 ліпеня Аляксандар Лукашэнка вызваліў ад пасадаў старшыню Дзяржаўнага памежнага камітэту Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і Войскамі паветранай абароны Ўзброеных сілаў генэрал-маёра Дзьмітрыя Пахмелкіна. Падставай для звальненьня стала «неналежнае выкананьне службовых абавязкаў па забесьпячэньні нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь», паведаміла тады прэсавая служба Лукашэнкі.

Пра няпоўную службовую адпаведнасьць папярэдзілі міністра абароны Юр’я Жадобіна і начальніка Генштабу Ўзброеных сілаў, першага намесьніка міністра абароны, генэрал-маёра Пятра Ціханоўскага. Абвешчана вымова дзяржсакратару Савету бясьпекі Леаніду Мальцаву і старшыню КДБ Вадзіму Зайцаву.

4 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка вызваліў генэрал-маёра Аляксандра Пашукевіча ад пасады камандуючага войскамі Паўночна-заходняга апэратыўна-тактычнага камандаваньня ВПС і войскаў СПА, звольніўшы яго з вайсковай службы ў запас. На вызваленае месца прызначаны палкоўнік Ігар Дземідзенка.

За мядзьведзікамі хавалася Studio Total


Акцыю салідарнасьці зладзіла швэдзкае агенцтва Studio Total. Непасрэдна ў падрыхтоўцы палёту ўдзельнічалі Пэр Кромвэл, Томас Мазэці і Ганна Ліна Фрэй.

Беларускі КДБ выпісаў ім позвы. Але прадстаўнікі Studio Total адказалі ў тым сэнсе, што няхай кіраўнік Беларусі прыедзе ў Швэцыю, калі хоча пагаварыць зь імі.

КДБ арыштаваў журналіста Антона Сурапіна і рыэлтара Сяргея Башарымава. Іх вінавацяць паводле крымінальных артыкулаў «Саўдзел у злачынстве» і «Незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь».

Сурапін першым апублікаваў фота мядзьведзікаў на сваім сайце. А Башарымаў здаў прадстаўнікам Studio Total кватэру, калі яны наведвалі Менск.

Пазьней Сурапіна і Башарымава выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе.