Да другой гадавіны разгону Плошчы і масавых арыштаў сьнежня 2010 году незалежная журналістка Ірына Халіп, адна зь вязьняў «Амэрыканкі», засуджаная за ўдзел у акцыі пратэсту супраць несумленных выбараў, знаёміць чытачоў сайту «Свабоды» з адным з разьдзелаў сваёй дакумэнтальнай кнігі пра тыя падзеі. Кніга «Дзёньнік зэчкі» мае выйсьці ў студзені 2013 году ў Польшчы на беларускай мове.
Як мы з Палажанкай у СІЗА сьпявалі Някляеву песьні, як нас «разводзілі» на варожасьць і хто ўначы шамацеў пакункамі ў турэмных калідорах
Ірына ХАЛІП
У першыя дні ў турме самае цяжкае — гэта навучыцца вызначаць час паводле гукаў, бо наручныя гадзіньнікі ў СІЗА КДБ забароненыя (як і будзільнікі, зрэшты). Толькі двойчы на суткі можна вызначыць дакладны час: а шостай раніцы, калі дзяжурны ляпае «кармушкамі» і трубіць пад’ём, і а дзясятай вечара, калі ў «кармушкі» выплёўваецца слова «адбой». Лямпы ў камэрах гараць 24 гадзіны. Раніцай уключаецца лямпа дзённага сьвятла, увечары — дзяжурнага асьвятленьня. Выратавальнай цемры, якая хоць на хвіліну можа стварыць ілюзію прыватнай прасторы, там не бывае. Зрэшты, і да гэтага звыкаеш даволі хутка.
Архіпелаг БЕЛАГ
Мы, як чародка кажаноў, прыслухоўваліся да кожнага рыпу, груку, вокрыку. Сукамэрніцы навучылі нас з Настай Палажанкай арыентавацца даволі хутка. Зайграла гучная музыка — значыць, восем трыццаць раніцы. Першая зьмена пайшла на шпацыр. Усе турэмныя прагулкі праходзяць пад гучную музыку, каб гутарак зьняволеных не пачулі тыя, хто гуляе ў суседнім падворку. Выключылася музыка, далі кіпяцільнік — поўдзень. Загрымеў рондаль з поліўкай — гадзіна дня, абед. Прынесьлі газэты — пяць вечара. Ізноў далі кіпяцільнік — шэсьць вечара.
Але самае цікавае пачыналася пасьля адбою. Калі сьціхаюць вонкавыя шумы — больш ня ляпаюць «кармушкі», не адчыняюцца дзьверы, нікога ня водзяць на допыты, не грукочуць рондлі, — можна спакойна падслухоўваць, што робіцца за дзьвярыма. Калі дзесьці ўсё ж бразнулі дзьверы і зашамацелі пакункі — кагосьці выпускаюць. Таму што з камэры ў камэру зьняволеных пераводзілі ўдзень ці ўвечар, але ніколі — пасьля адбою. Так што шамаценьне — дакладная прыкмета таго, што камусьці пашанцавала. Мы з Настай імкнуліся гаварыць і сьмяяцца гучна: можа, гэта хтосьці з нашых, зь «дзекабрыстаў», выходзіць на волю? Ён пачуе, што мы сьмяёмся, і перадасьць нашым родным: у іх усё ў парадку, рагочуць там, ледзь з нараў ня валяцца. Такімі ж выбухамі сьмеху мы давалі зразумець дзяўчатам зь іншай жаночай камэры, што ў нас выдатны настрой і ёсьць сілы жартаваць. Часта да нас у адказ даносіўся выбух жаночага сьмеху з камэры, дзе сядзела Натальля Радзіна. Ага, значыць, дзяўчаты таксама не здаюцца, не ў дэпрэсіі, ня ў смутку. Чамусьці мужчынскага сьмеху мы ня чулі ні разу. Галасы — чулі. Аднойчы нам з Настай здалося, што мы пачулі голас Мікалая Статкевіча. А вось чый-небудзь сьмех — ніколі.
Дзяўчаты кагосьці з вашых, палітычных, вызваляюць. Вашых сапраўды будуць выпускаць па начах, каб з журналістамі пад мурамі КДБ не сустрэліся
Калі ў навагоднюю ноч каля адзінаццатай вечара зашамацелі пакункі, шматмудрая сукамэрніца-«эканамістка» Лена выказала здагадку: «Дзяўчаты, здаецца, кагосьці з вашых, палітычных, вызваляюць. Вашых сапраўды будуць выпускаць па начах, каб з журналістамі пад мурамі КДБ не сустрэліся».
Мы з Настай гадалі: хто? Чамусьці абедзьве падумалі, што з турмы выходзіць Уладзімір Някляеў. Ён ня быў на Плошчы, яго зьбілі па дарозе. І ў турму яго прывезьлі зь лякарні. Ну, усё, вырашылі мы, паэт выходзіць. Цешылася ўся камэра. Любое вызваленьне — гэта радасная вестка. Гэта напамін кожнаму з нас, што і мы вось гэтак жа калі-небудзь... Мы пачулі, як па вуліцы праехала машына.
— Някляеў таксі выклікаў! — выказала здагадку сукамэрніца Сьвета. — Давайце прасьпяваем песьню на вершы Някляева — яму будзе прыемна.
Мы зацягнулі «Гуляць дык гуляць!». Мы былі радыя і, перабіваючы адна адну, складалі карцінкі вяртаньня Някляева дадому. «Уяўляеце, ён якраз да бою гадзіньніка пасьпее! Вось сюрпрыз будзе для ягонай сям’і! Шчасьліўчык, праз паўгадзінкі шампанскага вып’е. Дарэчы, дзяўчаты, у нас „Фанта“ ёсьць. Давайце і мы чокнемся за Новы год!»
Празь некалькі дзён мы даведаліся, што на волю выйшаў іншы кандыдат у прэзыдэнты — Віталь Рымашэўскі. А Някляеў па-ранейшаму ў турме. Хоць на самым пачатку студзеня вызвалілі яшчэ і начальніка някляеўскага штабу Андрэя Дзьмітрыева. І мы працягвалі вечарамі ўспамінаць песьні Някляева і сьпяваць — можа, пачуе і пацешыцца.
На пачатку студзеня мы яшчэ раз чулі шамаценьне пакетаў. Потым даведаліся, што з турмы выйшаў Алесь Міхалевіч. Але мы і падумаць не маглі, што Міхалевіча ня вызвалілі, а перавялі на «Валадарку». Начальнік СІЗА Юмбрык сказаў унікліва: «Так, Міхалевіч больш ня тут». А да таго, што яго перавялі ў іншую турму, мы ніяк не маглі дадумацца. Нам здавалася, што ён ужо дома. А калі ня ён, то хто?
Ня будзь мы «дзекабрыстамі», напэўна, маглі б штосьці вылушчваць з газэт. Нашы сваякі яшчэ ў канцы сьнежня падпісалі нас на ўсе газэты. Не на «Советскую Белоруссию», натуральна, а на «Народную волю», «Нашу ніву», «Белгазету», «Свободные новости». За ўвесь студзень мы атрымалі толькі адзін нумар «Народнай волі» — першы. Вось там мы і прачыталі, што Міхалевіча перавялі ў іншую турму. А яшчэ — што Ўладзіміра Кобеца павінны былі вызваліць праз трое сутак і нават далі падпісаць паперы пра вызваленьне і патэлефанаваць дадому, каб чакалі, — а потым чамусьці пакінулі ў турме. Даведаліся, што Віталь Рымашэўскі напісаў тлумачальную запіску на імя Лукашэнкі перад выхадам з турмы, і задумаліся: цікава, а Дзьмітрыеў што-небудзь падобнае напісаў?
Вось навошта мы яго выпусьцілі — каб увогуле ніхто нічога не зразумеў і ўсе заблыталіся, хто каму вораг!
Тым жа вечарам, праўда, мяне выклікаў Юмбрык і, паціраючы рукі, сказаў: «А вось Дзьмітрыева выпусьцілі проста так! А вашы там, на волі, зараз будуць думаць: ня проста так яго выпусьцілі, напэўна. Вось навошта мы яго выпусьцілі — каб увогуле ніхто нічога не зразумеў і ўсе заблыталіся, хто каму вораг!»
Магчыма, начальнік СІЗА не хлусіў, калі казаў, што ягоная галоўная задача — пасеяць у кожным з нас сумневы. Ён любіў, выклікаўшы мяне ў кабінэт, задуменна прамовіць: «Та-а-а-к... Вось размаўляў сёньня са зьняволеным N, дык ён казаў, што ўсе мужчыны па вашай рэвалюцыйнай справе — цалкам адэкватныя. А вы — галоўная экстрэмістка, тэрарыстка і бандытка. Бяз вас ніякіх беспарадкаў не было б». Пра гэтыя «разводкі», думаю, ведае ўсякі, хто калі-небудзь чытаў Салжаніцына, Шаламава, Гінзбург, Рыбакова. Галоўнае — не паддацца і не паверыць. А яшчэ ён любіў казаць: «Ну, Наста і Наташа выйдуць, відавочна, раней за вас. Вам жа, напэўна, крыўдна будзе?» Як выявілася, Насту ён таксама часта «тэставаў» падобнымі фразамі: «А вось Іра выйдзе, думаю, раней. І вы застаняцеся ў адзіноце. Ня крыўдна?»
З чарговасьцю выхаду зь СІЗА ў нас усё адно здарылася блытаніна. Першай выйшла Натальля Радзіна — 27 студзеня, пад падпіску аб нявыезьдзе. Яе адправілі на месца прапіскі, у горад Кобрын. Я выйшла зь СІЗА 29 студзеня, але пад хатні арышт, гэта значыць, мая турма проста пераехала ў маю кватэру. Наста заставалася ў СІЗА да 17 лютага і выйшла пад падпіску аб нявыезьдзе. Дык хто з нас усё-ткі выйшаў першым, і ці выйшаў наогул?..
Начальнік СІЗА выконваў сваю функцыю, а мы ўсяляк спрабавалі пачуць ад яго хоць што-небудзь пра нашых «падзельнікаў». Ён распавядаў, што адзіную вымову вынес Аляксандру Атрошчанкаву.
— За што?
— А ён пасадзіў мяне на каня.
— Якім чынам?
— Ну, прыйшоў і пачаў патрабаваць вярнуць яму лісты, якія не даходзяць. Казаў, што паводле закону мае права на атрыманьне лістоў. Я і сеў на каня. Потым у камэры яму растлумачылі, што такое вымова. Ён напісаў заяву, каб я прыняў яго па асабістым пытаньні. Я прыняў — і зьняў вымову. Сапраўды, навошта чалавеку псаваць жыцьцё?
Ён растлумачыў: аказваецца, характарыстыка зь СІЗА ўплывае на рэжым адбываньня пакараньня. Калі ёсьць вымова — не расканваююць. Горш толькі запіс «схільны да ўцёкаў». З гэтым запісам трэба рыхтавацца да таго, што «ад званка да званка» канваяваць могуць у кайданках, з сабакамі, аўтаматамі і іншымі атрыбутамі.
Мы былі ў курсе ўсіх навінаў пра Валачкову і пра забавы ў Куршавэлі — «рускі сэзон» быў у разгары, і рэпартажы з Куршавэля ішлі, як франтавыя зводкі
Дарэчы, газэт нам пасьля таго выпадковага нумара «Народнай волі» на пачатку студзеня не прыносілі — за выключэньнем «Камсамольскай праўды», зразумела. Так што мы былі ў курсе ўсіх навінаў пра Валачкову і пра забавы ў Куршавэлі — «рускі сэзон» быў у разгары, і рэпартажы з Куршавэля ішлі, як франтавыя зводкі, з падрабязным апісаньнем кошту футраў кожнай тамтэйшай паненкі.
Мяне заўсёды зьдзіўляў штамп «турма — не санаторый». Чамусьці яго любяць паўтараць і тыя, хто выйшаў з турмы, і турэмныя ахоўнікі. Не магу зразумець, чаму. Асабіста я ў санаторыі была адзін раз у жыцьці, у чацьвёртым клясе, і памятаю толькі тое, што мы там хадзілі шыхтам. Больш ніякіх асацыяцый са словам «санаторый» у мяне няма. Але паколькі мы ў турме кожны вечар чыталі гісторыі пра куршавэльскія прыгоды, магу заявіць з усёй адказнасьцю: турма — ужо сапраўды не Куршавэль.
— А давай, Ірышка, калі выйдзем на волю, махнём у Куршавэль! — неяк прапанавала Наста Палажанка пасьля чытаньня чарговага нумару «Камсамольскай праўды». — А то надакучылі гэтыя беларускія нацыяналісты. Грошай у іх няма, а амбіцый вышэй даху. Можа, з расейскімі алігархамі нам больш пашчасьціць?
— Ага, — падхапіла я, — і абавязкова возьмем з сабой у Куршавэль «шканар»! Абвесьцім, што гэта самы што ні на ёсьць навамодны сродак для спуску з горных схілаў, уцюхаем якому-небудзь алігарху за велізарныя грошы і зажывём прыпяваючы.
— Ох, не разумееце вы нічога ў гэтым жыцьці, дзеўкі! — уступіла ў гутарку сукамэрніца Лена. — Ды ўсе тамтэйшыя алігархі ці сядзелі, ці рыхтуюцца да адседак, але ў любым выпадку яны ўжо выдатна ведаюць, што такое «шканар». І выдаць яго за найноўшы сноўборд ну ніяк ня ўдасца.
Увечары Лене прыйшоў ліст ад мужа. Ён абураўся: «Каханая, я не пасьпеў прабіцца да цябе зь перадачай — гэтыя грэбаныя апазыцыянэры пазаймалі чаргу з ночы, і многія з нас не прабіліся». Лена адказала: «Не хвалюйся, дарагі, „грэбаным“ перадаюць рэгулярна, так што я не галадаю ...»
Даведка «Свабоды»: Ірына Халіп
Нарадзілася 12 лістапада 1967 г. у Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала намесьніцай галоўнага рэдактара «Белорусской деловой газеты» і галоўным рэдактарам штотыднёвіка «Имя», якія спынілі выхад. Неаднаразова зазнавала крымінальны перасьлед за прафэсійную дзейнасьць, атрымлівала папярэджаньні ад пракуратуры.
2 красавіку 1997 г. разам з бацькам, драматургам і кінадакумэнталістам Уладзімерам Халіпам была жорстка зьбітая ў часе вулічнага мітынгу. У канцы 2009 г. ёй пагражалі забойствам невядомыя.
Ляўрэатка прэміі Дзьмітрыя Завадзкага (2003), прэміі Генры Нанэна (2005), прэміі «Герой Эўропы» ў намінацыі «Мужнае сэрца» (2005), прэміі «За мужнасьць у журналістыцы» (2009). Уласны карэспандэнт расейскай «Новой газеты» ў Беларусі.
19 сьнежня 2010 г., у дзень прэзыдэнцкіх выбараў Халіп затрымалі па дарозе з плошчы Незалежнасьці і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Ёй было выстаўленае абвінавачаньне ва ўдзеле і арганізацыі масавых беспарадкаў. Пазьней абвінавачаньне было перакваліфікавана — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх. Падчас знаходжаньня ў СІЗА КДБ улады спрабавалі забраць зь сям’і трохгадо- вага сына — Даніка Саньнікава. 29 студзеня 2011 г. меру стрыманьня зьмянілі на падпіску аб нявыезьдзе з хатнім арыштам.
У лютым 2011 г., яшчэ пад хатнім арыштам, атрымала журналісцкую прэмію «Залатое пяро Расеі». Жонка экскандыдата ў прэзыдэнты, палітвязьня Андрэя Саньнікава, мае сына.
16 траўня 2011 г. судзьдзя Заводзкага суду Менску Жана Брысіна асудзіла Халіп на 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай пакараньня на 2 гады. Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала яе вязьнем сумленьня.