Улада хоча сабе акцыянэрныя таварыствы

Адміністрацыя прэзыдэнта

Прадстаўнікі дзяржавы будуць прызначацца ў акцыянэрныя таварыствы, у якіх няма дзяржаўнай долі — такую норму зьмяшчае новы праект указу прэзыдэнта.
Паводле яго дзяржаўныя прызначэнцы маюць зьявіцца ў акцыянэрных таварыствах «у мэтах абароны правоў і свабод грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, уключна зь мінарытарнымі акцыянэрамі». Указ мае ўступіць у сілу з 1 красавіка 2013 году. Пра гэта паведамляе на сваім сайце агенцтва «Бизнес-новости», сьцьвярджаючы, што мае тэкст праекту ўказу.

«У прыватнасьці, прадугледжваецца магчымасьць прызначэньня прадстаўнікоў дзяржавы ў акцыянэрныя таварыствы, створаныя ў працэсе пераўтварэньня арэндных, калектыўных, дзяржаўных унітарных прадпрыемстваў, а таксама ў працэсе прыватызацыі арэндных прадпрыемстваў, акцыі якіх не належаць Рэспубліцы Беларусь і мясцовым выканаўчым камітэтам».

Яўген Прэйгерман

Эканаміст Яўген Прэйгерман успрыняў навіну вельмі эмацыйна: «Гэта проста нейкі жах! У апошнія дні мы назіраем татальны адкат ад тых нязначных лібэралізацыйных крокаў, якія былі зробленыя падчас так званай мікраэканамічнай лібэралізацыі пасьля 2008 году. Тады была пастаўленая задача, па-першае, палепшыць нашае становішча ў рэйтынгу DoingBusiness, а канчатковая мэта — каб пачалі прыходзіць масавыя замежныя інвэстыцыі.

Толькі за апошні час адбылося тое, што здарылася з „Камунаркай“ і „Спартаком“ — фактычна нацыяналізацыя. Аблвыканкамам і гарвыканкамам былі нададзеныя правы прэфэрэнцыйнага доступу да акцыяў. І вось яшчэ адзін крок у кірунку ад лібэралізацыі да абсалютна нецывілізаванай дзяржавы, дзе ёсьць толькі дзяржаўныя ўстановы. Усе пляны, якія закладзеныя па інвэстыцыях, ня могуць быць выкананыя».

Барыс Жаліба

Эканаміст Барыс Жаліба кажа, што такія новаўвядзеньні не нясуць нічога добрага іміджу краіны:

«Што гэта за прадстаўнік дзяржавы? Назіраць ён будзе? Якія ён будзе рашэньні прымаць? Ён будзе дакладаць наверх органам выканаўчай улады, што там робіцца. Ён будзе мець права ўмешвацца і замінаць прыняцьцю рашэньняў. Так акцыянэрныя таварыствы пазбавяцца самастойнасьці. Я лічу, што гэта вяртаньне да сумных часоў „залатой акцыі“, калі дзяржава наўпрост умешваецца ў справы акцыянэрных таварыстваў. Гэта мінус для інвэстыцыйнага клімату краіны, для тых замежных інвэстыцый, якія нам так патрэбныя».