Беларусь ніяк не ратыфікуе пагадненьне пра малы памежны рух зь Літвой

Уладзімер Дражын

Пасол Беларусі ў Літве Уладзімер Дражын заявіў 4 сьнежня на прэсавай канфэрэнцыі ў Вільні, што афіцыйны Менск хоча сустрэцца з новым кіраўніцтвам МЗС Літвы па пытаньнях спрошчанага перасячэньня мяжы:

«У нас узьніклі пэўныя пытаньні. Я буду мець магчымасьць вам адказаць, калі мы і новы ўрад, новы склад МЗС, сядзем і ўдакладнім некаторыя дэталі. Так што патрабуецца пэўны час».

Яшчэ пры канцы лютага Літва афіцыйнай нотай інфармавала Беларусь, што гатовая да ўвядзеньня спрошчанага рэжыму перасячэньня мяжы. Але для таго, каб малы памежны рух запрацаваў, патрабуюцца адпаведныя крокі з боку Беларусі.

У чэрвені спадар Дражын заявіў літоўскім СМІ: беларускі бок спадзяецца, што працэс рэалізацыі пагадненьня мяркуецца завяршыць за 2–3 месяцы. Яшчэ раней ён казаў, што Менск сумняваецца, што рэжым спрошчанага перасячэньня мяжы зь Літвой запрацуе на фоне санкцыяў, якія ўжываюцца Эўразьвязам у дачыненьні да адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі.

Палітоляг, дырэктар Інстытуту палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч выказаў такое меркаваньне, чаму беларускі бок не сьпяшаецца ратыфікаваць пагадненьне зь Літвой:
У беларускіх уладаў да Літвы заўсёды была вялікая колькасьць прэтэнзіяў, перш за ўсё палітычнага кшталту


«У беларускіх уладаў да Літвы заўсёды была вялікая колькасьць прэтэнзіяў, перш за ўсё палітычнага кшталту. Таму што ў Літве месьціцца шмат апазыцыйных беларускіх структур, Літва пэўным чынам уключана ў розныя праекты дапамогі дэмакратызацыі, грамадзянскай супольнасьці Беларусі. І гэта заўсёды ў афіцыйнага Менску выклікала заўсёды пэўнае раздражненьне.

Акрамя гэтага, беларускі бок неаднаразова спрабаваў выкарыстоўваць Літву ў якасьці свайго адваката ў Эўрапейскім Зьвязе, асабліва тады, калі пачалася новая хваля ізаляцыі Беларусі. Было некалькі публічных заяваў, у тым ліку, і Лукашэнкі пра тое, што, маўляў, „мы перанакіруем таварныя альбо транспартныя патокі па-за Літвой, ня будзем супрацоўнічаць з пэўнымі літоўскімі бізнэсоўцамі, калі Літва будзе займаць не прабеларускую пазыцыю“. То бок рознымі шляхамі, ціскам былі спробы з боку Беларусі паўплываць на пазыцыю Літвы. Вось і зараз справа тармозіцца беларускім бокам».

Згодна з дакумэнтам аб малым памежным руху ўураёнах, якія знаходзяцца на адлегласьці да 50 км ад мяжы, жыхары змогуць перамяшчацца на падставе спэцыяльных дазволаў і знаходзіцца на тэрыторыі сумежнай дзяржавы да 90 дзён цягам паўгоду.

У памежныя тэрыторыі зь літоўскага боку трапляюць Вільня, Ігналіна, Варэна, Друскенікі, зь беларускага боку — Горадня, Ліда, Ашмяны.

У Беларусі спрошчаным рэжымам перасячэньня мяжы тэарэтычна зможа скарыстацца каля 600 тысяч жыхароў, у Літве — каля 800 тысяч.