Лісты Дашкевіча паляць, «каб сагрэцца»

Зьміцер Дашкевіч

Віцебская каардынатарка аргкамітэту партыі БХД Тацяна Севярынец атрымала ліст ад Зьмітра Дашкевіча, дасланы з гарадзенскай турмы № 1. У лісьце тлумачыцца, чаму папярэдні ліст да спадарыні Тацяны ня трапіў.
«Зьміцер піша: » Яшчэ раз гатовы вітаць вас. Яшчэ раз, бо перад гэтым мой ліст да вас быў спалены. Кажуць, што дужа халодна было ў турме, а згодна з дэкрэтам аб энэргаэканоміі, сагравацца павінны ўсе падручнымі сродкамі. Вось тут лісты мае і пайшлі ў ход". Ліст з гэтымі радкамі датаваны 27-м лістапада«, — апавяла Тацяна Севярынец.

Справа Дашкевіча

8 лістапада лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча перавялі ў гарадзенскую турму.

З 30 кастрычніка, калі Мазырскі выязны суд вырашыў перавезьці палітвязьня Зьмітра Дашкевіча з мазырскай калёніі ў «крытую» турму, пра яго не было зьвестак, як не было вядома і тое, куды накіруюць Дашкевіча для далейшага адбыцьця пакараньня.

19 верасьня Дашкевіча перавялі ў папраўчую калёнію № 20, якая месьціцца ў Мазыры Гомельскай вобласьці. 21-га ён абвясьціў галадоўку ў сувязі зь «нялюдзкімі паводзінамі адміністрацыі калёніі, у тым ліку яе начальніка Юрыя Збароўскага».

28 жніўня 2012 году на закрытым выязным пасяджэньні суд прызнаў Зьмітра Дашкевіча вінаватым у «злосным непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы» і пакараў яго годам пазбаўленьня волі.

24 сакавіка 2011 году суд асудзіў Дашкевіча на два гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, а Лобава — на чатыры гады. Зьміцер Дашкевіч на судзе заявіў, што бойка, пасьля якой яго арыштавалі, была справакаваная ўладамі, каб нэўтралізаваць яго перад выбарамі.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала лідэра «Маладога фронту» вязьнем сумленьня.

Турмы Зьмітра Дашкевіча


View Турмы Зьмітра Дашкевіча in a larger map